Медыя разладу: украінскі досвед беларускага журналіста

Калі ў адказ на зварот інфармацыя не прадстаўлена або прадстаўлена не ў поўным аб'ёме, службовая асоба ва Украіне можа панесці крымінальную (!) адказнасць. Нажаль, нам пра гэта пакуль толькі марыць. А чым яшчэ адрозніваецца праца журналіста ў суседняй краіне?

svoboda_presi.png


Свабода слова ў Беларусі з кожным месяцам усё больш і больш — усвядомленая патрэба маўчаць, ды разважлівасць не карыстацца свабодай сумлення. Звесткі з палёў медыя ўстойліва выклікаюць абурэнне. Марыне Золатавай адмовілі ў спыненні крымінальнай справы, з 1 снежня скасавалі магчымасць пакідаць каментары ў інтэрнэце без папярэдняй ідэнтыфікацыі, распачалі чарговы працэс супраць журналіста «Новага Часу» Міколы Дзядка...
Ні адзін з тых выпадкаў зараз ва Украіне немагчымы. Галоўных рэдактароў не цягаюць па турмах. Забараніць нешта каментаваць ці зрабіць нават крок у тым напрамку — азначае пазбавіцца пасады, скампраметаваць сябе, забяспечыць працяглыя народныя хваляванні з непрадказальным фіналам. Свабоду поглядаў таксама ніхто не адмяняў. У краіне прысутнічаюць анархісты, нацыяналісты, фашысты, сацыялісты. Нікога не раздражняе ўкраінская палітычная партыя «Саюз анархістаў Украіны», афіцыйна зарэгістраваная Мінюстам яшчэ ў 2002 годзе. Тым больш, ніхто з чыноўнікаў нават у жахлівым сне не паблытае анархістаў з нацыяналістамі ці з фашыстамі.
Аўтарытэт журналіста як прафесіянала ва Украіне надзвычай высокі.
Некаторыя ў Мінску часта распавядаюць, што ва Украіне адсутнічае свабода слова, мёртвы рэкламны рынак, а незалежныя СМІ трымаюцца на плыні дзякуючы розным алігархам і грошам ад алігархаў на сваё ўтрыманне.Пра алігархаў — тое блізка да праўды. За кожным сур’ёзным медыя тут, ва Украіне, стаіць буйны прыватны капітал. Але трэба разумець, наколькі дорага ўтрымліваць тэлеканал або буйную газету пры наяўнасці друкаванай версіі ад 50 тысяч асобнікаў. А вось невялічкае друкаванае ці электроннае выданне цалкам можа сабе дазволіць пражыць толькі на прыбыткі ад рэкламы. Стандартная сітуацыя ў незалежным друкаваным выданні: галоўны рэдактар гучна мацюкаецца ад таго, што ў друкаваную версію не змяшчаюцца ўсе заказы рэкламадаўцаў.
Свабода слова таксама маецца, і, нягледзячы на алігархаў, нікуды з рэдакцый не знікае. Самых розных выданняў на любы густ існуе вялікая колькасць. А ці так у гэтай сітуацыі шматлікіх версій рэальнасці прынцыпова, які палітычны ракурс першапачаткова меў рэсурс?! Зараз любое друкаванае і нават электроннае кіеўскае выданне імкнецца падаваць максімальна аб'ектыўную інфармацыю. Добры тон — лаяць усіх: сваіх і чужых. Любы выпадак карупцыі, хабарніцтва, рэйдарства, перавышэння паўнамоцтваў у грамадстве скрупулёзна разглядаецца і разгалошваецца. Сур’ёзная эканамічная аналітыка радасна вітаецца.
Артыкулы такіх аўтарытэтных незалежных рэсурсаў як «Левы бераг» альбо «Люстэрка тыдня» дэпутаты рэгулярна чытаюць, а пасля цытуюць прылюдна ў Радзе. Часам змены да заканадаўчых ініцыятыў уносяцца пад непасрэдным уплывам суб’ектыўнага меркавання таго ці іншага журналіста.
Тое, што медыя маюць сапраўдную моц, кажа і факт, што да любога звароту журналіста ў любую дзяржаўную структуру ставяцца з піетэтам. Звычайная справа — атрыманне інфармацыі ў адказ на запыт у тэрмін ад паўгадзіны да аднаго дня (!), прычым кіраўнік дэпартамента або прэс-сакратар самі настойліва будуць тэлефанаваць журналісту, калі ён раптам не адкажа на мабільны званок.
Не буду галаслоўнай. На просты запыт ва Украінскую аграрную канфедэрацыю, прэс-сакратар адразу прадставіў разгорнутую інфармацыю са спасылкамі на мультымедыя, таксама было атрыманае запрашэнне на бясплатнае тэматычнае мерапрыемства, дзе можна была значна палепшыць уласны досвед у сучаснай сельскагаспадарчай галіне Украіны. Любыя кантакты з кіраўніцтвам паабяцалі арганізаваць за суткі. Каментар эксперта быў гатовы праз некалькі гадзін. Прычым, патрэбнага эксперта ты мог абіраць асабіста — каго жадаеш. Гіпатэтычна можна было наогул не тэлефанаваць эксперту. Прэс-сакратар бярэ на сябе гэтыя турботы, а ты праз колькі гадзінаў атрымліваеш разгорнуты вычарпальны каментар у пісьмовым выглядзе, які дасылаюць на тваю электронку ці мэсанджар.
Тая ж гісторыя склалася з Украінскай нафтагазавай асацыяцыяй. Лёгка, проста, элегантна.
Што тычыцца падатковага ведамства, кожны раз яно лічыць неабходным высылаць журналісту ўсе матэрыялы прэс-мерапрыемства, на якім ты прысутнічаў, уключаючы расшыфроўку аўдыёзапісаў, даведкі і гэтак далей.Аднойчы Галіна Траццякова, дырэктар Інстытута грамадзянскіх свабод, не змагла ў сувязі з загружанасцю даць аператыўны каментар майму мужу па тэлефоне. Але, каб не адмаўляць, яна надыктавала патрэбны каментар у мэсанджар Фэйсбуку і даслала такім чынам. Павага да працы журналіста?! Несумнеўна.На сайце любога дзяржаўнага ведамства, калі заходзіш у «Сувязі з грамадскасцю», шакуе колькасць спецыялістаў. У любым ведамстве агульнадзяржаўнага значэння колькасць прэс-сакратароў стартуе ад пяці. Прычым на сайце адразу ж магчыма адшукаць іх фотаздымкі ды асабістыя кантакты. Калі бы ты ім не патэлефанаваў, цябе чакаюць кампетэнтнасць і бездакорная ветлівасць.
Здавалася бы, чаму дзяржаўныя органы ва Украіне разглядаюць звароты журналістаў так хутка? Аказалася, што калі ў адказ на зварот інфармацыя не прадстаўлена або прадстаўлена не ў поўным аб'ёме, службовая асоба можа панесці крымінальную (!) адказнасць. Таму з журналістам так і носяцца, бы з яйкам, каб не выйшаў з сябе ад крыўды і не напісаў злосны фельетон на іх, чыноўнікаў, каб, не дай Бог, пасаду не страціць.Пра яйка я перабольшваю, пра тое, што выключна з журналістамі так носяцца, — таксама. Насамрэч, з так носяцца любым украінцам! І гэта прадугледжана дзяржаўным законам аб зваротах грамадзян. Ведаю дакладна: чыноўнік ва Украіне аддасць перавагу таму, каб самастойна накіраваць зварот да кампетэнтнага ведамства, толькі каб не вяртаць яго падаўцу праз 15 дзён без належнага адказу.
Шчыра кажучы, не паленавалася: залезла і супаставіла беларускі і ўкраінскі законы аб зваротах грамадзян. Дарагія беларускія журналісты і грамадзяне! Аказваецца, службовыя асобы вам нічога не павінны! Па законе за неразгляд звароту няма нават адміністрацыйнай (!) адказнасці, а ёсць толькі каламутная «адказнасць у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі». Затое існуе даўжэзны артыкул «Пакіданне зваротаў без разгляду па сутнасці». Такога проста няма ва ўкраінскім варыянце закона, бо абсалютна ўсе звароты разглядаюцца.Вядома, існуюць выпадкі, калі адказы бываюць чыста фармальныя. Але тое, што саму працэдуру разгляду звароту заканадаўча паспрабавалі зрабіць празрыстай для ўсіх яе ўдзельнікаў — годнае намаганне.
Непасрэдна са штодзённай працы журналіста: вельмі здзівіла, што любая сур’ёзная газета супрацоўнічае з некалькімі юрыдычнымі агенцтвамі. Журналісты выдання ў любы час атрымліваюць бясплатныя юрыдычныя каментары: і якія размяшчаюцца ў саміх артыкулах, і ў цэлым, па сваёй дзейнасці. Для любой юрыдычнай кампаніі такое супрацоўніцтва — проста вельмі прэстыжна, кажа пра яе высокі статус.
Для беларускага журналіста, калі ён працуе ў Кіеве, досыць нязвыкла, што любыя былыя міністры і чыноўнікі ніжэйшага рангу ахвотна ідуць на кантакт. Сціпламу супрацоўніку газеты ці часопіса спакойна можна атрымаць каментар, кансультацыю, інтэрв'ю па адмысловых галіновых пытаннях. Аднойчы муж наўпрост патэлефанаваў былому міністру энергетыкі і вугальнай прамысловасці, каб даведацца пра магчымасць пераводу Луганскай ЦЭЦ з вугалю на газ. Па беларускіх мерках, дзіўна, што атрымаў адказ. Па украінскіх — нічога звышнатуральнага.
Шырокі распаўсюд маюць у Кіеве сустрэчы фармату Chatham House («без дыктафонаў»). Такія спатканні журналістаў, прадстаўнікоў дзяржаўнай ўлады ды, звычайна, еўрапейскіх чыноўнікаў, адбываюцца рэгулярна, адзін-два разы на месяц. Несумненна, любому журналісту такія сустрэчы не толькі карысныя, але і дапамагаюць прафесійна расці і развівацца.
Мне як журналісту нясцерпна захацелася высветліць, наколькі хуткая ды гнуткая машына дзяржаўнай сістэмы ва Украіне. Мясцовыя кіеўскія знаёмыя не раз сцвярджалі: тут добра працуюць любыя звароты праз сацыяльныя сеткі. У якасці прымітыўнага эксперыменту тыдзень таму я напісала ў Facebook прэм’ер-міністру Украіны Уладзіміру Гройсману прыватнае паведамленне. У ім ад свайго імя я выказала захапленне рэформай дэцэнтралізацыі, якая зараз ажыццяўляцца ў краіне. Мне было цікава даведацца, ці сапраўды на такое рэагуюць. Праз тры працоўных дні прэс-служба Гройсмана даслала мне асабістую падзяку за каментар.Эксперымент «вольны і шчаслівы журналіст» завяршыўся паспяхова.