Мэр Масквы: сітуацыя з COVID-19 у горадзе блізкая да крытычнай
Расійская сталіца паступова сыходзіць на новы каранцін. Шмат для каго аддаленая праца робіцца абавязковай, а ў школах — двухтыднёвыя вакацыі. Мэр Масквы не выключыў прыняцця новых жорсткіх мераў, калі рост захворвання не ўдасца спыніць.
З 5 кастрычніка ў сталіцы Расіі ўводзіцца абавязковая аддаленая праца для не менш за 30% працоўных калектываў, а таксама для ўсіх работнікаў, старэйшых за 65 гадоў і якія пакутуюць на хранічныя захворванні. Раней гэтая мера насіла рэкамендацыйны характар. А цяпер гэта робіцца, "каб не пераходзіць да абмежавання сектараў эканомікі".
"Выключэнне з гэтага правіла — толькі для супрацоўнікаў, чыя прысутнасць на працоўным месцы з'яўляецца крытычна важнай для функцыянавання арганізацыі", — адзначыў мэр Масквы Сяргей Сабянін.
Таксама зачыняцца на двухтыднёвыя вакацыі ўсе школы Масквы — з 5 па 18 кастрычніка. Дзіцячыя садкі будуць працягваць працаваць.
"На жаль, рэкамендацыі перавесціся на аддаленую працу грамадзян ніякага эфекту практычна не далі — гэта ж відаць па колькасці тых, хто карыстаецца метрапалітэнам, па 9-бальных коркаў на дарогах", — сказаў Сабянін у эфіры тэлеканала "Расія 1" (ВГТРК) у чацвер.
"А сітуацыя сёння практычна на мяжы крытычнай, — адзначыў ён. — І, калі мы не спынім гэты рост захворвання і шпіталізацыі, мы вымушаныя будзем прымаць больш жорсткія меры".
За апошнія суткі ў Маскве выявілі 2 424 новыя выпадкі захворвання на каронавірус — а гэта максімум за чатыры месяцы. Агульная колькасць хворых у горадзе з пачатку пандэміі перавысіла 295 тысяч чалавек.
Паводле www.interfax.ru