З 1 кастрычніка ў суды могуць трапіць толькі ўдзельнікі працэсу

Афіцыйная прычына — каронавірус, паведамляе Радыё Свабода.

Абвестка на дзвярах гродзенскага суда

Абвестка на дзвярах гродзенскага суда

Такія абвесткі пабачылі на судах Гродна і Гомеля 1 кастрычніка. Забарона дзейнічае з прычыны «плану захадаў для прафілактыкі і мінімізацыі рызыкі пашырэння каронавіруснай інфекцыі (COVID-19) у асенне-зімні перыяд 2020–2021 гадоў у сістэме судоў агульнай юрысдыкцыі». Адпаведны загад выдаў старшыня Вярхоўнага суда Беларусі 28 верасня.
Загад паказалі ў Кастрычніцкім судзе Гродна актывісту Ежы Грыгенчы, але сфатаграфаваць не дазволілі, бо ён, маўляў, для ўнутранага карыстання.

Абвестка на дзвярах гомельскага суда

Абвестка на дзвярах гомельскага суда

Адметна, што вясной Вярхоўны суд адзначаў, што меры прафілактыкі каронавіруснай інфекцыі не закранаюць прынцыпу галоснасці судовага разбору.
«Неабгрунтаванае абмежаванне доступу грамадзян у суды не дапускаецца. У справах, якія разглядаюцца ў адкрытых судовых паседжаннях, забяспечваецца магчымасць прысутнасці асобаў, якія не ёсць удзельнікамі працэсу, у тым ліку журналістаў сродкаў масавай інфармацыі»,гаварылася ў паведамленні Вярхоўнага суда ў красавіку.