Мусульманін патрабуе $ 100 млн кампенсацыі за піццу са свінінай
Жыхар гораду Дзірборн (штат Мічыган, ЗША) падаў у суд на піцэрыю, якая прадала яму піццу з каўбасой са свініны.

The Islamic Center of America
Мусульманін Махамед Базі ў сваім пазове адзначыў, што двойчы набываў у рэстаране «Little Caesars» піццу з пепероні, на якой стаяла маркіроўка «халяльны прадукт» (зроблены паводле правілаў, якімі кіруюцца мусульмане). Смак свініны ў піццы пазнала жонка Базі, якая раней была каталічкаю, распавядае belsat.eu.
У судовым пазове адзначаецца, што пацярпелым было «блага да ванітаў».
Калі Базі ў другі раз набыў піццу ў тым самым рэстаране, то ён зноў знайшоў у ёй свініну. Менеджар установы ў адказ на прэтэнзію пакупніка заявіла, што ён сам папрасіў наклеіць на ўпакоўку з піццаю стыкер «халяльная». Базі таемна запісаў размову з менеджарам і вырашыў звярнуцца ў суд.
Адвакат Базі звяртае ўвагу на тое, што есці свініну – адзін з найбольш цяжкіх грахоў для мусульманіна.
У 2011 годзе за продаж нехаляльнай курыцы (кліентаў запэўнівалі, што яны набываюць халяльны прадукт) з сеткі рэстаранаў «McDonald’s» у Дзірборне спагналі $ 700 000.
У Дзірборне каля 30 % насельніцтва – араба-амерыканцы. Таксама ў Дзірборне знаходзіцца самая вялікая мячэць Паўночнай Амерыкі.