На пасаду кіраўніка МВФ намінаваная жанчына

Крышталіна Георгіева, якая нарадзілася ў савецкай Балгарыі, а цяпер выканаўчы дырэктар Сусветнага банка, стала кандыдатам на пасаду старшыні МВФ у Еўрасаюзе, піша bbc.com.

Крысталiна Георгіева, фота bbc.com

Крысталiна Георгіева, фота bbc.com

Узгадненне кандыдатуры было вельмі напружаным і заняло некалькі тыдняў. У мінулую пятніцу раўнд перамоваў расцягнуўся на 12 гадзін.
Кандыдатуру Георгіевай падтрымалі Францыя і краіны Паўднёвай і Усходняй Еўропы, у той час як група краін на чале з Германіяй і Нідэрландамі выступала за іншага кандыдата, былога міністра фінансаў Нідэрландаў Ерана Дэсельблума. Ён таксама ўзначальваў групу міністраў фінансаў еўразоны, вёў праграму фінансавай дапамогі МВФ Грэцыі і фінансавае аднаўленне банкаў Іспаніі і Кіпра.
Кандыдатура Крысталіны Георгіевай набрала больш за палову галасоў дзяржаў-членаў ЕС, нават насуперак таму, што МВФ павінен будзе змяніць уласнае правіла для канчатковага адабрэння: кіраўніку ў дзень яго прызначэння павінна быць менш за 65, а Георгіевай спаўняецца 66 у жніўні гэтага года.
Аднак, паводле агенцтва Reuters, відавочна, што падтрымкі ЕС і ЗША будзе дастаткова, каб змяніць гэтае правіла.
Іншыя краіны могуць вылучыць кандыдатаў да 6 верасня. Канчатковыя вынікі выбараў новага старшыні МВФ будуць падведзены ў пачатку кастрычніка.
Пакуль выбарчы працэс не скончыцца, Крысталіна Георгіева прыпыніць свае паўнамоцтвы ў Сусветным банку.
Як выканаўчы дырэктар Сусветнага банка Крышталіна Георгіева асабліва настойліва ўздымала праблемы гендэрнай роўнасці і кліматычных змен.
Да прызначэння выканаўчым дырэктарам Сусветнага банка Крышталіна Георгіева была камісарам па міжнародным супрацоўніцтве пры Еўрапейскай камісіі.
Да гэтага яна выкладала і абараніла доктарскую дысертацыю па эканоміцы ва ўніверсітэце нацыянальнай і сусветнай эканомікі ў Сафіі.
На сваёй старонцы ў Твітары Крышталіна Георгіева напісала, што ўспрымае як вялікі гонар вылучэнне на пасаду кіраўніка МВФ, і далучыла допіс з сямейным фотаздымкам і каментаром: «Ад балгарскай вёскі да выканаўчага дырэктара Сусветнага банка — вось што такое магчымасць!»
За апошнія некалькі гадоў яна была вылучана на некалькі кіроўных пасадаў у вядучых міжнародных арганізацыях - ад пасады генеральнага сакратара ААН у 2016 годзе да пасады прэзідэнта Еўрапейскай камісіі і Еўрапейскай Рады сёлета.
Назіральнікі разглядаюць яе вылучэнне як спробу заходнееўрапейскіх краін змякчыць крытыку з боку краін Усходняй Еўропы, што ніводзін прадстаўнік постсавецкага блока не атрымаў кіраўнічай пасады ў Бруселі пасля майскіх выбараў.
Для іншых гэта рашэнне — яшчэ адзін знак канца эпохі ўплыву на еўрапейскую палітыку канцлера Германіі Ангелы Меркель.
З моманту стварэння двух буйных міжнародных фінансавых інстытутаў, МВФ і Сусветнага банка, пасля Другой сусветнай вайны МВФ звычайна ўзначальваў еўрапеец, а Сусветны банк — прадстаўнік ЗША.
Аднак, як піша New York Times, у нядаўнім інтэрв'ю міністр фінансаў ЗША Стывен Мнучын заявіў, што гэты парадак рэчаў не з'яўляецца абсалютным.
Папярэдняя кіраўніца МВФ Крысцін Лагард сышла ў адстаўку ў ліпені пасля таго, як яе абралі кіраўніком Еўрапейскага цэнтральнага банка.
nn.by