«Наведванне Еўропы — гэта прывілей»: Прапанова аб забароне выдачы Шэнгену расійцам будзе абмеркавана ў ЕС

Пасля пачатку расійскага ўварвання ва Украіну многія краіны Еўрасаюза абмежавалі выдачу віз грамадзянам Расіі. У апошнія тыдні ў Еўропе ўсё часцей гучаць заклікі наогул спыніць выдаваць візы — у першую чаргу турыстычныя — усім расійцам.

1360287.jpg


Праект аб гэтым унесены некаторымі краінамі ЕС і знаходзіцца на павестцы, паведаміў афіцыйны прадстаўнік кабінета міністраў ФРГ Штэфен Хебештрайт, піша ВВС. У нямецкім МЗС заявілі, што гаворка ідзе таксама аб забароне на выдачу віз не толькі турыстам, але і журналістам, дысідэнтам і сваякам грамадзян краін ЕС. Там паведамілі, што прапанова будзе абмяркоўвацца ў канцы жніўня ў Празе на сустрэчы кіраўнікоў МЗС краін ЕС.


Эстонія, Фінляндыя і іншыя

Краіны шэнгенскай зоны павінны спыніць выдаваць турыстычныя візы расійцам, заявіла днямі прэм'ер-міністр Эстоніі Кая Калас.

«Спыніце выдаваць турыстычныя візы расійцам. Наведванне Еўропы — гэта прывілей, а не права чалавека. Авіязносіны з Расіяй закрытыя. Гэта азначае, што пакуль краіны Шэнгенскай зоны выдаюць візы, цяжар нясуць суседзі Расіі (Фінляндыя, Эстонія, Латвія — наземныя кропкі ўезду). Час спыняць турызм з Расіі ўжо цяпер», — напісала яна ў Твітэр.

Калас падтрымала прэм'ер-міністр Фінляндыі Сана Марын. Яна заявіла, што, на яе думку, Савет Еўропы мог бы разгледзець варыянт накладання санкцый на расійскі турызм да тых часоў, пакуль не скончыцца вайна.

«Няправільна, што пакуль Расія вядзе агрэсіўную і жорсткую вайну ў Еўропе, расійцы могуць жыць як ні ў чым не бывала і ездзіць у Еўропу як турысты. Гэта несправядліва. Зразумела, што расійцы выкарыстоўваюць Фінляндыю як перавалачны пункт, праз нас едуць у іншыя краіны на адпачынак. Мы абмяркоўваем гэтае пытанне ва ўрадзе, і дыскусія працягнецца. МЗС растлумачвае гэтую сітуацыю, але з ёй звязаныя пэўныя юрыдычныя аспекты», — сказала яна ў інтэрв'ю Yle.

Як патлумачыла Марын, у Фінляндыі няма ўласнага санкцыйнага заканадаўства, якое дазволіла б абмежаваць такія дзеянні з боку расійскіх турыстаў, але краіна можа рэгуляваць колькасць выдадзеных віз — гэта значыць фактычна абмежаваць уезд, хоць фармальна ён будзе адкрыты.

Раней прадстаўнік фінскага МЗС Юсі Танер казаў, што па факце Фінляндыя ўжо абмежавала выдачу віз расійцам, паколькі заявы на атрыманне візы можна падаваць толькі па папярэднім запісе — такая мера была ўведзена ў перыяд пандэміі, але з-за вайны ва Украіне яе пакінулі і пасля зняцця каронавірусных абмежаванняў.


Дзе яшчэ не чакаюць расійцаў

Напярэдадні прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі у інтэрв'ю амерыканскай Washington Post заклікаў краіны Захаду аб'явіць аб забароне на ўезд усім расійскім грамадзянам.

«Аб якіх бы расійцах ні ішла гаворка, адпраўце іх назад у Расію. Тады яны зразумеюць. Тады яны скажуць: мы не маем ніякага дачынення да гэтай вайны. Увесь народ не можа несці адказнасць, хіба не так? Можа быць. Менавіта гэты народ абраў такую ўладу і не змагаецца з ёй, не спрачаецца з ёй, не крычыць на яе», — сказаў ён.

Выдачу турыстычных віз расійцам ужо абмежавалі Эстонія, Латвія, Літва, Польшча і Чэхія.

Афармленне дакументаў на тэрыторыі Расіі прыпыніла Данія, хоць і дазволіла расійцам падаваць заявы ў візавых цэнтрах каралеўства ў іншых дзяржавах.

Латвія абмежавала выдачу практычна ўсіх відаў віз расійцам — адзінай падставай для атрымання такога дакумента засталося наведванне пахавання блізкага сваяка.

Многія краіны ЕС і Шэнгенскай зоны пакуль прымаюць ад расійцаў дакументы на турыстычныя візы. Па інфармацыі Асацыяцыі тураператараў Расіі, у гэтым спісе Грэцыя, Іспанія, Італія, Францыя, Фінляндыя, Харватыя, Кіпр, Швейцарыя, Венгрыя, Славенія і Аўстрыя. Аднак з-за ажыятажнага попыту і ўзаемнай высылкі дыпламатаў атрымаць візу ў візавых цэнтрах у Расіі вельмі няпроста.

У сваю чаргу ўрад Эстоніі не толькі прыпыніў выдачу турыстычных віз, але і прыняў пастанову аб забароне прадастаўляць расійскім грамадзянам часовы від на жыхарства і візы з мэтай навучання ў краіне. Акрамя таго, кіраўнік МЗС Эстоніі Урмас Рэйнсалу прапанаваў унесці забарону на выдачу расійцам шэнгенскіх віз у наступны пакет антырасійскіх санкцый.

Аб падтрымцы гэтай ідэі заяўляў і прэс-сакратар урада Польшчы Пётр Мюлер. «Такога кшталту дзеянні, асабліва ініцыяваныя нашымі партнёрамі з Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, мы падтрымліваем», — казаў ён у канцы ліпеня.

А міністр па пытаннях прытулку і міграцыі Бельгіі, якая перастала выдаваць расійцам кароткатэрміновыя візы з 1 ліпеня, яшчэ 24 лютага заявіў, што падтрымлівае прыпыненне дзеяння ўсіх віз для грамадзян Расіі, уключаючы студэнтаў, турыстаў і людзей, якія вандруюць па працы.

У канцы жніўня пытанне выдачы шэнгенскіх віз расійцам будзе разглядацца на нефармальнай сустрэчы міністраў замежных спраў краін ЕС, пісала выданне Yle.

48884.jpg


Што не прадугледжана візавым кодэксам ЕС

Правілы ЕС не дазваляюць цалкам спыніць выдачу віз расійцам, і існуе шэраг катэгорый людзей, якім візы павінны выдавацца ў любым выпадку. «Заўсёды ёсць групы асоб, якім павінны быць выдадзены візы. Гаворка ідзе аб гуманітарных выпадках, членаў сем'яў [грамадзян краін], журналістаў і дысідэнтаў», — тлумачылі ў Еўракамісіі ў канцы ліпеня.

У аўторак прадстаўнік Еўракамісіі Аніта Хіпер зноў заявіла, што візавы кодэкс Еўрасаюза не ўтрымлівае магчымасці спынення выдачы кароткатэрміновых віз, у тым ліку грамадзянам Расіі. Пры гэтым яна падкрэсліла, што краіны-удзельніцы ЕС могуць самастойна «вывучаць пытанне выдачы кароткатэрміновых віз у канкрэтнай сітуацыі».

Ні ў візавым кодэксе ЕС, ні ў Шэнгенскім пагадненні (якое цяпер з'яўляецца часткай дамовы аб функцыянаванні ЕС) няма Палажэння, які дапускае поўную забарону на выдачу віз для адной канкрэтнай краіны, патлумачыла ВВС старшы навуковы супрацоўнік Цэнтра правоў чалавека Генцкага ўніверсітэта і кандыдат юрыдычных навук Ельскай школы права Сара Гранці.

Гэта азначае, што нават калі б Еўракамісія — і ЕС агулам — была б гатовая дзейнічаць такім чынам, у яе не было б на гэта паўнамоцтваў. Такая забарона, падкрэслівае Гранці, мела на ўвазе поўнае змяненне прынцыпу выдачы шэнгенскіх віз, заснаванага на індывідуальнай ацэнцы.

Адзіны спосаб, які мог бы дазволіць прыняць такую забарону на ўзроўні ЕС, — гэта змяніць сам дагавор, які ўключае Шэнгенскае пагадненне, але гэта, на думку Гранці, вельмі малаверагодна.

Аднак, папярэджвае яна, існуе рызыка таго, што замест татальнай забароны некаторыя дзяржавы пачнуць злоўжываць сваёй свабодай меркавання і сістэматычна адмаўляць у шэнгенскіх візах расійскім грамадзянам па меркаваннях дзяржаўнай палітыкі або ўнутранай бяспекі. Такую сістэматычную практыку было б значна цяжэй аспрэчыць, хоць яна і з'яўляецца незаконнай.


Адзіная магчымасць для Савета ЕС дзейнічаць на дадзены момант у дачыненні да віз — гэта прыняць некаторыя меры ў дачыненні да Пагаднення 2006 года паміж Еўрапейскай супольнасцю і Расійскай Федэрацыяй аб спрашчэнні выдачы віз грамадзянам Еўрапейскага Саюза і Расійскай Федэрацыі, лічыць Гранці.

Дзеянне некаторых палажэнняў гэтага дагавора было прыпынена ў канцы лютага пасля ўварвання Расіі ва Украіну. Тады Савет ЕС адмяніў спрошчаны візавы рэжым для расійскіх дыпламатаў, членаў афіцыйных дэлегацый, бізнесменаў і парламентарыяў, а ў траўні прэзідэнт Расіі падпісаў указ аб пазбаўленні аналагічных прывілеяў грамадзян ЕС і шэрагу еўрапейскіх краін, якія не ўваходзяць у саюз.

Поўная забарона на атрыманне шэнгенскай візы расійскімі грамадзянамі не толькі была б незаконнай згодна з заканадаўствам ЕС, але і не апраўданай з этычнага пункту гледжання, лічыць Гранці.

«У любым выпадку, і што больш важна, законнасць поўнай забароны на выдачу віз у дачыненні да расійскіх грамадзян вельмі сумніўная ў адпаведнасці з асноўнымі правамі чалавека (уключаючы Хартыю ЕС па правах чалавека і палажэнні Еўрапейскай канвенцыі па правах чалавека (ЕКПЧ) аб забароне дыскрымінацыі)», — заключыла эксперт.

Пераклад НЧ