Навошта Гітлеру была вайна з ЗША?

11 снежня споўнілася 80 гадоў незвычайнай даце. У гэты дзень у 1941-м Гітлер аб'явіў вайну ЗША.

1945ivodzima.jpg


Навошта ён гэта зрабіў — незразумела, бо адкрытага канфлікту са Штатамі ў нацыстаў не было. З амерыканцамі ваявалі японцы, якія напярэдадні (7 снежня) атакавалі Пэрл-Харбар. Што ў выніку заахвоціла Гітлера прыняць гэтае рашэнне?
Цяперашні юбілей прымусіў гісторыкаў зноў уступіць у спрэчкі. Канчатковага адказу, натуральна, няма. Паводле адной з версій, Гітлер хацеў прадэманстраваць салідарнасць з японскімі саюзнікамі. Іншая тэза робіць асноўны ўпор на нацыянал-сацыялістычную ідэалогію, якая меркавала, што ў ЗША знаходзіцца адзін з цэнтраў «міжнароднага фінансавага габрэйства». Такім чынам, дэкларацыя вайны з ЗША грунтавалася на антысеміцкіх матывах.
Самая цікавая тэза тычыцца асаблівасцяў псіхікі Гітлера. Пасля правалу бліцкрыгу пад Масквой Гітлер нібыта зразумеў, што вайна, па сутнасці, ужо прайграна. Тады ён проста ўзяў курс на самазнішчэнне нямецкага народа, каб той адправіўся ў магілу разам з ім. У логіцы такога фаталізму ўжо не мела значэнне колькі ў цябе ворагаў. У любым выпадку ЗША кінулі на вайну свой эканамічны і вайсковы патэнцыял, назапашаны за доўгія гады, што паскорыла крах Трэцяга Рэйха.
Па матэрыялах нямецкай прэсы