Украінцы атрымаюць ад ЗША 20 млн долараў на ахову мяжы з Расіяй і Беларуссю

ЗША выдзяляюць Украіне 20 млн долараў на рэалізацыю Плана сумесных дзеянняў па ўзмацненні паўночнага і ўсходняга ўчасткаў украінскай мяжы, паведамляе ўкраінская Дзяржаўная памежная служба.

zsza_ukraina.jpg

Праект пачнецца ў студзені 2022 года. Праект прадугледжвае магчымасць прадастаўлення пагранічнікам Украіны ў тым ліку беспілотных авіяцыйных сістэм, спецтранспарту і сістэм відэаназірання.
Кіраўнік аддзела па міжнародных пытаннях у сферы барацьбы з незаконным абаротам наркотыкаў і праваахоўных пытаннях пасольства ЗША ва Украіне Сара Лангенкамп адзначыла, што тэхнічная дапамога аказваецца для павышэння эфектыўнасці службовай дзейнасці падраздзяленняў у ходзе выканання задач па ахове паўночнай і ўсходняй межаў Украіны і для эфектыўнага супрацьдзеяння пагрозам, якія ўзнікаюць для нацыянальнай бяспекі Украіны.
Першы намеснік кіраўніка Дзяржпагранслужбы Уладзімір Нікіфарэнка назваў няпростай сітуацыю на ўсходзе і поўначы Украіны. Паводле яго слоў, у праекце размова ідзе аб абароне персаналу, аб забеспячэнні асабістай бяспекі і камфортнасці знаходжання ў палявых умовах, а таксама аб якасным выкананні задач на дзяржаўнай граніцы.
У 2021 годзе ЗША вылучылі Украіне каля 450 мільёнаў долараў «на задачы забеспячэння бяспекі», у прыватнасці, у кастрычніку Злучаныя Штаты перадалі Украіне 30 супрацьтанкавых ракетных комплексаў Javelin і 180 ракет да іх.
Пастаўкі ўзбраення Украіне пачаліся некалькі гадоў таму. У Вашынгтоне падкрэсліваюць, што гэтая прылада можа быць скарыстана ў зоне канфлікту, аднак, як настойваюць у Пентагоне, толькі ў абарончых мэтах.
currenttime.tv