Нетаньяху абвінаваціў ЗША ў антыізраільскай рыторыцы
Прэм'ер Ізраіля Біньямін Нетаньяху папракнуў дзяржсакратара ЗША Джона Кэры ў антыізраільскай прамове.
«Выступленне Кэры сёння было скіравана супраць Ізраіля,
як і рэзалюцыя Рады бяспекі ААН, якую ён прасоўваў», — заявіў
прэм'ер-міністр.
Нетаньяху лічыць, што падчас сваёй прамовы Кэры быў «апантана засяроджаны» на праблеме ізраільскіх паселішчаў на акупаваных тэрыторыях. Пры гэтым, на думку ізраільскага прэм'ера, дзяржсакратар ЗША практычна не крануў кораня праблемы, а менавіта «нежадання палестынцаў прызнаць дзяржаву Ізраіль у якіх бы там ні было межах».
Раней у сераду, выступаючы ў Дзярждэпе ЗША, Кэры заявіў, што перспектыва ўрэгулявання палестына-ізраільскага канфлікту па прынцыпе суіснавання дзвюх дзяржаў — ізраільскай і палестынскай — у цяперашні час знаходзіцца пад пагрозай.
Ён таксама падкрэсліў, што рэзалюцыя ААН, якая асуджае будаўніцтва ізраільскіх паселішчаў на акупаваных землях, адпавядае амерыканскім каштоўнасцям.
Гаворка ідзе пра прынятую ў пятніцу рэзалюцыю ААН з заклікам «неадкладна і цалкам спыніць усю пасяленцкую дзейнасць на акупаваных палестынскіх тэрыторыях, уключна з Усходнім Ерусалімам».
Дзеючая адміністрацыя ЗША адмовілася накладаць на рэзалюцыю вета і праінструктавала амерыканскіх дыпламатаў устрымацца пры галасаванні.
У той жа час абраны прэзідэнт ЗША Дональд Трамп, які ўступае ў пасаду ў канцы студзеня будучага года, паабяцаў Ізраілю абараняць яго інтарэсы і не дазваляць іншым ставіцца да яго з непавагай.
«Мы не можам і надалей дазваляць сабе ставіцца да Ізраіля з гэткай пагардай і непавагай. У асобе ЗША яны раней мелі выдатнага сябра, але цяпер гэта не так. Пачаткам канца было пагадненне з Іранам, а цяпер гэта (ААН)! Будзь моцным, Ізраіль, 20 студзеня не за гарамі!» — напісаў Дональд Трамп у сваім ціўцеры.
Што такое «прынцып дзвюх дзяржаў»?
Прынцып «дзве дзяржавы для двух народаў» — гэта варыянт вырашэння палестына-ізраільскага канфлікту, які прадугледжвае стварэнне і існаванне дзяржавы Палестына разам з Ізраілем.
Рэалізацыю гэтай ідэі называюць сваёй мэтай многія дыпламаты і палітыкі.
План мае на мэце стварэнне незалежнай дзяржавы Палестына ў межах да мірнай дамовы 1967 года. Мяркуецца, што дзяржава Палестына будзе мірна суседнічаць з Ізраілем.
ААН, Ліга арабскіх дзяржаў, Еўразвяз, Расія і ЗША паслядоўна пацвярджаюць іх прыхільнасць прынцыпу дзвюх дзяржаў.
Што далей?
Дыпламатычны карэспандэнт Бі-бі-сі Пол Адамс так пракаментаваў сітуацыю:
Барак Абама пачаў сваё прэзідэнцтва з дыпламатычных намаганняў, скіраваных на тое, каб развязаць клубок супярэчнасцяў араба-ізраільскага канфлікту. Гэтыя намаганні не ўвянчаліся поспехам. Бурныя падзеі «арабскай вясны", чарада новых узброеных канфліктаў прымусілі яго займацца больш тэрміновымі пытаннямі.
І зараз, напярэдадні сыходу адміністрацыі Абамы, мы бачым дзеянні ЗША, якія не на жарт раззлавалі прэм'ера Ізраіля.
Але ці можа гэта стварыць новыя перадумовы для аднаўлення дыпламатычных намаганняў у гэтым кірунку? Францыя ў сярэдзіне студзеня арганізуе канферэнцыю, прысвечаную перспектыве мірнага ўрэгулявання канфлікту. Ёсць меркаванне, што рашэнні, якія будуць прынятыя падчас гэтай сустрэчы, могуць легчы ў аснову новай рэзалюцыі ААН. Усё гэта можа адбыцца да 20 студзеня — даты інаўгурацыі новага прэзідэнта ЗША.
Але Дональд Трамп ужо заявіў, што не збіраецца заганяць Ізраіль у кут.
Паводле BBC