Расійскія хакеры праніклі ў энергасістэму ЗША
У энергасістэме амерыканскага штата Вермонт быў знойдзены код, які меркавана выкарыстоўваюць расійскія хакеры, піша The Washington Post.
Невядомым хакерам атрымалася пранікнуць у электрасістэму амерыканскага штата Вермонт. Пра гэта ў пятніцу, 30 снежня, паведамляе газета The Washington Post са спасылкай на амерыканскіх афіцыйных асоб, піша dw.com. У сістэме быў знойдзены код, які, як мяркуецца, звязаны з расійскімі хакерамі. Пры гэтым узломшчыкі не сталі выкарыстоўваць код для нанясення шкоды, удакладняе суразмоўца выдання.
Аднак сам факт пранікнення ўжо дэманструе ўразлівасць сістэмы, якая выкарыстоўваецца для забеспячэння работы медыцынскіх і экстраных службаў. Чыноўнік не змог сказаць, у чым менавіта складалася мэта хакераў. Магчыма, гэта была толькі праверка, дадаў суразмоўца выдання.
Аператар пацвердзіў ўзлом
Пазней аператар электрасеткі пацвердзіў узлом. Як гаворыцца ў заяве Burlington Electric Department, код быў знойдзены толькі на адным з ноўтбукаў. Гэты код сапраўды выкарыстоўваўся ў папярэдніх атаках расійскіх хакераў, якія Міністэрства ўнутранай бяспекі назвала Grizzly Steppe. Аператар запэўніў, што былі прынятыя неадкладныя меры, і іншыя кампутары апынуліся не закрануты.
29 снежня 2016 года ўлады ЗША абвясцілі аб увядзенні новых санкцый супраць РФ у сувязі з расійскімі хакерскімі нападамі падчас выбараў амерыканскага прэзідэнта. У той жа дзень Дзярждэпартамэнт абвясціў, што Злучаныя Штаты высылаюць з краіны 35 расійскіх дыпламатаў, якія, па версіі Вашынгтона, займаліся дзейнасцю, несумяшчальнай з іх афіцыйным статусам. Акрамя гэтага, будуць зачыненыя расійскія аб'екты ў Нью-Ёрку і Мэрылэндзе, якія, на думку амерыканскага боку, выкарыстоўваліся ў разведвальных мэтах.