Невядомы захапіў закладнікаў на вакзале ў Кёльне
Узброены мужчына ўтрымлівае закладнікаў на чыгуначным вакзале Кёльна, паведамляе гарадская паліцыя. Мясцовыя СМІ паведамляюць, што на месцы інцыдэнту былі чутныя стрэлы.

Фота AFP
Паводле інфармацыі праваахоўных органаў, закладнікаў захапілі ў аптэцы, размешчанай на тэрыторыі вакзала, альбо ў "Макдональдсе". Колькасць і закладнікаў, і тых, хто нападаў, пакуль дакладна не вядомая, паведамляе ВВС.
Прадстаўнік мясцовай паліцыі паведаміў, што сярод закладнікаў, хутчэй за ўсё, ёсць жанчына.
Некаторыя карыстальнікі сацсетак таксама паведамляюць пра пах дыму ў раёне вакзала і пра тое, што, акрамя паліцыі, туды прыбылі і пажарныя машыны.
Нямецкае выданне “Focus” піша, што ў раёне вакзала былі чуваць стрэлы, аднак паліцыя не пацвярджае гэтую інфармацыю.
Людзей, якія знаходзіліся на вакзале, эвакуявалі, а сам будынак вакзала ачэплены паліцыяй. Улады таксама заклікалі мясцовых жыхароў часова ўстрымацца ад наведвання вакзала і папярэдзілі аб магчымых затрымках цягнікоў.
У "Твітары" тэлекампаніі зямлі Паўночны Рэйн-Вестфалія пацвярджаюць інфармацыю пра вялікую колькасць паліцэйскіх у раёне вакзала.
Прадстаўнікі мясцовага аператара чыгуначных перавозак DB Regio NRW публікуюць у "Твітары" паведамленні пра змены ў рэжыме работы вакзалу.
Паводле www.bbc.com