Людзі на дрэвах
У Германіі адбываецца нечаканы рэнесанс радыкальнага экалагічнага руху. Усё праз канфлікт паміж уладамі і групай актывістаў, якія ў прамым сэнсе слова жывуць на дрэвах. Падрабязнасці «Новаму Часу» распавядае берлінскі эколаг Ральф Дзюкер.
— Сёння шмат дзе ў Берліне на мурах можна пабачыць графіці «Hambi lebt!». Маецца на ўвазе Hambacher Wald, або Hambacher Forest — лясны масіў у зямлі Ніжні Рэйн-Вестфалія, які стаў арэнай адкрытага супрацьстаяння эколагаў і сілавікоў. Што не падзялілі бакі канфлікту?
— Прыкладна 5–6 гадоў таму ўрад зямлі Ніжні Рэйн-Вестфалія пагадзіўся на здабычу вугалю ў раёне, дзе знаходзіцца той самы лес. Паколькі гэты гатунак вугалю здабывацца адкрытым метадам, Hambacher Forest пагражала высечка. У адказ група эколагаў вырашыла абараніць прыродны аб’ект — пабудавала на дрэвах дамы і пачала стала там жыць. Стаўка рабілася на тое, што вугальная кампанія ўстрымаецца ад высечкі дрэваў, на якіх жывуць людзі. Аднак прыкладна ў пачатку восені, калі арэал здабычы вугалю наблізіўся да Hambacher Wald, паліцыя атакавала лагер на дрэвах.
— Што ўяўляў сабой лагер перад пачаткам канфрантацыі?
— За часы існавання лагер на дрэвах у Hambacher Wald ператварыўся ў сапраўдную з’яву. Лічыцца, што гэта самы вялікі гарадок на дрэвах — прынамсі, у Еўропе. На кронах дрэваў прыкладна на вышыні 7–8 метраў было пабудавана каля 50 дамоў, дзе перыядычна жылі каля ста чалавек. Дамы былі забяспечаныя святлом праз сваю сонечную электрастанцыю. На дрэвах нават умудрыліся пабудаваць біяпрыбіральні і цяпліцы. Паміж будынкамі былі працягнутыя масткі. Трапіць у лагер можна было толькі праз лесвіцы, якія пратэстоўцы прыбралі пасля з’яўлення паліцыі. Паліцыянтам заставалася толькі блакіраваць дамы і выжываць пратэстоўцаў за кошт пражэктараў і гукавых эфектаў. Праўда, частку будынкаў ім удалося захапіць і разбурыць.
— Тым не менш, адзін чалавек у выніку паліцэйскай акцыі загінуў?
— Так, здарылася трагедыя. Яе ахвярай стаў журналіст, які здымаў дакументальнае кіно і знаходзіўся ў той час на дрэве. Раптам на картцы яго камеры скончылася вольнае месца. Ён вырашыў перакачаць здымкі на кампутар, які знаходзіўся ў будынку на суседнім дрэве. Пры гэтым ён ігнараваў правілы бяспекі, якія патрабуюць перабірацца паміж дрэвамі выключна са страхоўкай. У выніку чалавек зваліўся і загінуў. На жаль, толькі пасля гэтага грамадскасць сапраўды звярнула ўвагу на падзеі ў Hambacher Wald. Туды накіравалася шмат эколагаў. Дэманстрацыя на мінулым тыдні сабрала каля 50 тысяч чалавек. Такой буйной акцыі эколагаў не было, напэўна, гадоў дзесяць.
— Як адрэагавала ўлада на такі маштабны пратэст?
— Тое, што адбываецца ў лесе, наўрад ці падабаецца як зямельным, так і федэральным уладам. Кампанія RWE, што здабывае вугаль, таксама часткова належыць дзяржаве. Між тым, высвятляецца, што дырэкцыя кампаніі мела нейкія нефармальныя сувязі з паліцыяй. Інакш бы паліцэйскія, не маючы на руках патрэбнага фармальнага загаду, не пачалі хапун. Акрамя таго, пратэст выставіў у нязручным святле кабінет Меркель, чальцы якога з аднаго боку робяць сабе палітычны капітал на тэме абароны клімату, і адначасова не супраць развіцця вугальных электрастанцый — крыніцы выкідаў і CO2 у атмасферу.
— Восень 2018-га запомнілася ў Германіі не толькі экалагічнымі пратэстамі, аднак і ростам правых настрояў. Правапапулісцкая партыя «Альтэрнатыва для Германіі» (AfD) на днях выйшла на другое месца ў партыйных рэйтынгах. Не выключаюць хуткі ўваход AfD у органы ўлады. Ці ёсць у «Альтэрнатывы для Германіі» нейкая экалагічная праграма?
— Баюся, у «Альтэрнатывы для Германіі» няма канкрэтных прапаноў ні па адной праблеме. Гэта партыя, якая грае на стыхійнай незадаволенасці часткі грамадства. Як правіла, гэта людзі, якія супраць росту коштаў на бензін або адмовы ад традыцыйнай формулы спажывання. Таму «Альтэрнатыва для Германіі» — гэта ярка антыэкалагічная партыя.
— У Германіі яшчэ не забыліся пра пачатак 1980-х гадоў, калі ледзь не ўся краіна ўзнялася супраць будаўніцтва атамных станцый. Менавіта на той хвалі паўстала партыя «Зялёных», якая здолела прарвацца ў палітычную эліту. Ці могуць пратэсты вакол лесу мець падобныя буйныя палітычныя наступствы?
— Стоадсоткавы рымейк таго, што адбылося 30–40 гадоў таму, немагчымы, паколькі грамадства і камунікацыі моцна змяніліся. Раней, каб выказаць сваю пазіцыю, трэба было ўзняць адно месца і ісці на вуліцы. Сёння для гэтага дастаткова паставіць «дызлайк» у інтэрнэце. Пакуль пераводзіць пратэст у інтэрнэце на ўзровень сапраўднага дзеяння палітсілы не навучыліся. Пра гэта сведчыць нядаўні няўдалы вопыт Партыі піратаў, структура якой фармавалася праз сеціва. Часамі Партыя піратаў мела да 15 працэнтаў падтрымкі. Аднак у выніку пірацкі праект ляснуўся. Магчыма, нейкія бонусы з апошніх падзей атрымаюць «Зялёныя». Партыя шмат дапамагае эколагам, хаця менавіта ўрад з іх удзелам 6 гадоў таму даў згоду на здабычу вугалю ў Hambacher Wald.
Аднак усё роўна мабілізацыя мела сэнс. Эколагі давялі, што разам могуць спрацаваць вельмі эфектыўна. Высечка дрэваў нечакана аказалася спыненая, дзякуючы арганізацыі па абароне птушак, якая падключылася да кааліцыі пратэстоўцаў. Аказалася, што падобная арганізацыя па законе мае права патрабаваць спыніць высечку лесу. Каб аспрэчыць патрабаванне ахоўнікаў птушак у судах, спатрэбіцца пару гадоў. Гэта дазваляе казаць, што Hambacher Wald — як мінімум пакуль, — выратаваны.