Памёр Іосіф Кабзон
У маскоўскай бальніцы ва ўзросце 80 гадоў памёр спявак і дэпутат расійскай Дзярждумы Іосіф Кабзон, пацвердзіў Бі-бі-сі прадстаўнік яго жонкі.
Пік славы Кабзона прыйшоўся на 1970-80-я гады. Ён быў тварам савецкай эстрады і сімвалам эпохі, саступаючы ў папулярнасці хіба што Але Пугачовай.
За 60-гадовую кар'еру Кабзон выканаў каля трох тысяч песень.
Нарадзіўся Іосіф Кабзон 11 верасня 1937 года ў невялікім мястэчку Часаў Яр у Данецкай вобласці. Яго першым успамінам стала эвакуацыя ва Узбекістан.
Рос без бацькі, які вярнуўся з вайны ў іншую сям'ю.
Па патрабаванні маці і айчыма абзавёўся "сур'ёзнай прафесіяй" — скончыў горны тэхнікум. Але ў арміі адразу апынуўся ў акруговым ансамблі песні і танца, потым паступіў у Гнесінскі інстытут.
Выступаў на розных пляцоўках Масквы. Вялікая кар'ера пачалася ў 1964 годзе з перамог на Усесаюзным конкурсе артыстаў эстрады і песенным фестывалі сацыялістычных краін у польскім Сопаце.
Удзельнічаў у зборных канцэртах разам з Лідзіяй Русланавай, Клаўдзіяй Шульжэнка, Леанідам Уцёсавым і Маркам Бернесам, у якіх, паводле яго слоў, многае запазычыў.
Канцэрт Кабзона ў гонар яго 60-годдзя пачаўся ў сем вечара і скончыўся а 05:45 раніцы наступнага дня.
Спявак некалькі разоў аб'яўляў аб завяршэнні творчай дзейнасці, але потым вяртаўся. Апошні вялікі сольны канцэрт ён даў у дзень свайго 75-гадовага юбілею, але час ад часу выступаў і далей.
Савецкі патрыёт
У 1973-1991 гадах Іосіф Кабзон састаяў у КПСС. Спяваў на "камсамольскіх будоўлях", на востраве Даманскі пасля савецка-кітайскага ўзброенага канфлікту 1967 года, у Чарнобыльскай зоне, а ў Афганістан лётаў дзевяць разоў.
У новай Расіі ён належаў да кансерватыўна-настальгуючага лагеру, хоць, мяркуючы па выказваннях, сумаваў не столькі па савецкім ладзе, колькі па адзінай дзяржаве. Шмат і эмацыйна шкадаваў аб распадзе СССР, горача вітаў любыя інтэграцыйныя рухі на постсавецкай прасторы.
З 2007 года быў сябрам "Адзінай Расіі". Быў дэпутатам Дзярждумы шасці скліканняў, кіраўніком і намеснікам кіраўніка парламенцкага камітэта па культуры, адным з пяці прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі, якія атрымалі званне Героя Працы РФ.
Падчас трагедыі "Норд-Оста" ўваходзіў у захоплены баявікамі будынак, здолеў дамовіцца аб вызваленні жанчыны і трох дзяцей з ліку закладнікаў.
У 2014 годзе падтрымаў расійскую анэксію Крыма, пазней атрымаў пашпарт і званне "Героя" ад так званай ДНР, а пра палітыку Украіны выказваўся ў рэзкіх выразах. Трапіў пад санкцыі Украіны і Еўрасаюза.
У амерыканскай візе Кабзону адмаўлялі з 1995 года з-за яго адносін з некаторымі расійскімі прадпрымальнікамі, якіх кампетэнтныя органы ЗША лічылі босамі арганізаванай злачыннасці.
З 2002 года Іосіф Кабзон змагаўся з анкалагічным захворваннем. Перанёс некалькі аперацый, упадаў у кому, але ў перыяды рэмісій зноў выступаў са сцэны і вёў актыўнае сацыяльнае жыццё.
У 2009 годзе, праз пяць дзён пасля чарговай аперацыі ў нямецкай клініцы, ён спяваў ужывую на фестывалі "Новая хваля" ў Юрмале.
Паводле Бі-бі-сі