Папа Францішак назваў тры галоўныя трагедыі XX стагоддзя

Першым з іх стаў генацыд армянаў у Асманскай імперыі ў 1915 годзе. Потым былі нацысцкі Халакост і злачынствы сталінізму.



papa_1204.jpg

Папа Рымскі Францішак назваў масавае забойства армянаў у Асманскай імперыі ў 1915 годзе «першым генацыдам XX стагоддзя». За ім следам кіраўнік каталіцкай царквы назваў нацысцкі Халакост і злачынствы сталінізму.

Як перадае ВВС, такая заява прагучала падчас армянскай літургіі ў Саборы святога Пятра ў Рыме ў памяць 100-годдзя з пачатку масавага вынішчэння армянаў падчас Першай сусветнай вайны.

Падчас літургіі пантыфік прылічыў армянскага святога, паэта і багаслова X стагоддзя Грыгора Нарэкацы да ліку настаўнікаў царквы. На літургіі прысутнічаў прэзідэнт Арменіі Серж Саргсян.

Паводле ацэнак армянскіх і многіх незалежных гісторыкаў, падчас Першай сусветнай вайны ў выніку сістэматычных забойстваў ад рук турэцкіх войскаў загінулі 1,5 млн армянаў. Турцыя лічыць гэтую лічбу завышанай, не лічыць гэта генацыдам і тлумачыць гібель армян рэаліямі ваеннага часу.

На нядзельнай літургіі Папа рымскі сказаў, што на працягу мінулага стагоддзя чалавецтва перажыло тры «велізарныя і беспрэцэдэнтныя трагедыі». Да генацыду армянаў ён далучыў злачынствы нацызму і сталінізму. А следам за імі — генацыд у Камбоджы, Руандзе, Бурундзі і Босніі.

Па словах пантыфіка, ён лічыць сваім абавязкам ушанаваць памяць «бязлітасна забітых» ні ў чым не вінаватых мужчын, жанчын і дзяцей, святароў і япіскапаў.