Прэзідэнт Грузіі не хоча даваць грамадзянства расіянам

Прэзідэнт Саломэ Зурабішвілі сёння заявіла, што адмаўляецца даваць грамадзянства Грузіі расіянам. Але гэта не тычыцца тых людзей з расійскім пашпартам, у каго ёсць грузінскія карані.

Фота: Яна Карбезашвілі / Civil.ge

Фота: Яна Карбезашвілі / Civil.ge

Саламэ Зурабішвілі заявіла, што яна адмаўляецца даваць грузінскае грамадзянства расіянам — ім хопіць проста і віду на жыхарства, піша @NGnewsgeorgia.

«Ім (грамадзянам Расіі) дастаткова віду на жыхарства», — сказала прэзідэнт Грузіі.

Гэта не тычыцца грамадзян Расіі, якія маюць грузінскія карані і якія хочуць вярнуцца на гістарычную радзіму. Больш за тое, Зурабішвілі зноў заявіла, што падтрымлівае ўсіх суайчыннікаў у гэтым пытанні.

— Мы не павінны губляць грузін паводле паходжання.... Не думаю, што этнічныя грузіны, якія хочуць вярнуцца, уяўляюць больш вялікую пагрозу, чым рускія мігранты, якім мы адкрываем абдымкі і прапануем прыехаць. Але мы ўскладняем жыццё грузінам.

Я блакую толькі расіян негрузінскага паходжання, якія нібыта заязджаюць пад падставай інвестыцый — часам маленькіх, часам вялікіх. У Грузіі, дзе працэс інвестыцый, запуск бізнесу і атрымання віду на жыхарства і так максімальна спрошчаны, навошта расіяніну выдаваць грамадзянства?».

Зурабішвілі таксама адзначыла, што інвестыцыі грамадзян Расіі павінны быць «больш кантраляванымі».

«Ва ўмовах санкцый важна мець больш кантролю. Адны толькі двухзначныя лічбы эканамічнага росту Грузіі не апраўдваюць усяго. Павінен быць кантроль над расійскімі бізнес-інвестарамі, часам расіянамі з Расіі, часам расіянамі з Кіпру, часам расіянамі з Ізраіля», — сказала Зурабішвілі.

Пра ўвядзенне абмежаванняў для тых, хто прыехаў з Расіі, Зурабішвілі казала і ў сваім выступе з нагоды Дня незалежнасці Грузіі 26 траўня гэтага года. Тады прэзідэнтка адзначыла векавыя традыцыі гасціннасці і талерантнасці ў Грузіі, аднак нагадала, што ўлады Расіі на падставе абароны рускамоўнага насельніцтва нападалі на суседнія краіны.

Глядзіце таксама

Як пісаў НЧ, толькі за 2022 год — і найперш пасяля абвяшчэння мабілізацыі ў Расіі — каля 700 тысяч грамадзян з расійскім пашпартам з'ехалі ў Грузію. Пазней, па словах Зурабішвілі, 600 тысяч з гэтых 700 тысяч перабраліся ў суседнія краіны ці Еўропу, аднак 100 тысяч засталіся ў Грузіі. Пры гэтым насельніцтва самой Грузіі складае каля 3,7 мільёна чалавек.

Нагадаем, Саламэ Зурабішвілі — дачка грузінскіх палітэмігрантаў, якая зрабіла бліскучую дыпламатычную кар'еру ў Францыі. Але ў 2004 годзе, пасля перамогі Міхаіла Саакашвілі на прэзідэнцкіх выбарах, яна стала міністрам замежных спраў Грузіі. Аднак у 2005 годзе Саламэ выступіла рэзка супраць яго. На прэзідэнцкіх выбарах 2018 года Зурабішвілі выйграла дзякуючы падтрымцы аднаго з галоўных грузінскіх алігархаў і экс-лідара «Грузінскай мары» Бідзіны Іванішвілі.

Глядзіце таксама