Расія. Чыноўнікі пойдуць у комікі
Прадстаўнікі расійскага праўладнага асяроддзя працягваюць спрабаваць зразумець феномен Зяленскага ў тым ліку з пункту гледжання патэнцыйных выклікаў сістэме Пуціна.
У прынцыпе, дамінуюць два падыходы. Адны не бачаць асаблівай небяспекі, паколькі ў сённяшняй Расіі ролю коміка ад палітыкі выконвае Жырыноўскі. Другія лічаць, што Зяленскі — гэта яшчэ адна спроба папулісцкай рэвалюцыі, у якой асноўным інструментам ідэалагічнага знішчэння дзеючай улады з’яўляецца смех. Пры гэтым у смеху ёсць унікальная магчымасць «працягнуць праз эстраду эфектыўную палітычную праграму».
Выйсце некаторыя бачаць у тым, каб узняць пачуццё гумару чыноўнікаў, якія маглі б іранічна рэагаваць на крытыку, надаваць смеху лаяльны характар.
Рабіць з чыноўнікаў «петрасянаў» прапануецца на спецыяльных трэнінгах у межах праектаў кшталту «Лідары Расіі». А праводзіць гэтыя трэнінгі павінны лепшыя з ветэранаў КВЗ.
Ці сапраўды дойдзе да такіх трэнінгаў, цяжка сказаць. Затое відавочна, што Зяленскі выклікаў у Крамлі моцную заклапочанасць.
Паводле расійскай прэсы