Расія. Джокеры ідуць на Майдан
Як вядома, традыцыйныя рэлігіі крытычна ставяцца да росту папулярнасці Хэлоўіну.
У гэтым годзе ў святкаванне Хэлоўіна ўмяшаўся яшчэ адзін дадатковы фактар. Ён звязаны з нядаўнім выхадам на экраны фільма «Джокер», галоўны персанаж якога сімвалізуе асабісты пратэст, паўстанне супраць рэалій буржуазнага грамадства.
Між тым, у Расіі ў постаці Джокера ўгледзелі пагрозу Майдана новага тыпу. Інтэрнэт-выданне чалябінскай секцыі РПЦ сцвярджае, што на апазіцыйных сайтах з’яўляюцца «рэкамендацыі» святкаваць «Ноч усіх святых» выключна ў касцюмах Джокера.
Гэтыя «рэкамендацыі» расцэньваюцца як правакацыйныя, паколькі амплуа Джокера — гвалт як сродак выказвання пратэсту супраць сістэмы. Такім чынам, святкаванне Хэлоўіна ў касцюме Джокера, маўляў, патэнцыйна можа скончыцца масавымі пагромамі, якія выльюцца ў антыпуцінскі Майдан. Усё гэта, на думку аўтараў тэорыі, «патрабуе адпаведнага рэагавання бацькоў, педагогаў і праваахоўных органаў».
Паводле расійскай прэсы