Рэспубліка Майдан: За Украіну без халопа і пана!
Нягледзячы на папярэджанні пра магчымыя правакацыі, у межах «Рэспублікі Майдан», як ахрысцілі тэрыторыю пратэсту яго ўдзельнікі, у выходныя панаваў святочны настрой.
Фота РИА Новости.
Гэта нагадвала Калядны кірмаш, на якім я быў у Братыславе тыдзень таму. Цягам месяцу на тым кірмашы курыцца дым, гатуюцца смачныя стравы, стаіць гоман. Моладзь і пенсіянеры, інтэлігенцыя і рабочыя, хіпстэры і гопнікі, самыя розныя людзі перамяшаныя разам. І ўсе ахоплены пачуццём радаснага адзінства.
Нам, беларусам, пачуццё радаснага адзінства спрабуюць прышчапіць праз білборды з плакатамі кшталту «Разам мы Беларусь». Але мы нават на ўзроўні святаў застаемся падзеленымі. Няма ў нас у сённяшняй Беларусі ані часу, ані месца, дзе б мы перажывалі тое радаснае адзінства.
Менавіта гэтае пачуццё перажываюць гэтымі днямі ўкраінцы на Майдане. Трэба на ўласныя вочы бачыць, як людзі, якія ўжо рухаліся за яго межы, спыняюцца, пачуўшы гімн. Усе разварочваюцца тварамі да сцэны, здымаюць шапкі, прыкладаюць руку да сэрца і пачынаюць спяваць. Як грэюцца каля вогнішча ці стаяць у чарзе за ежай які-небудзь селянін з аддаленай заходнеўкраінскай вёскі і сталічны праграміст.
Мой сябра, кіеўскі грамадскі актывіст Паўло Зуб'юк, жартуе наконт тых чэргаў за ежай: «Галадамор стаў такой балючай траўмай для нас, што цяпер, калі мы пратэстуем супраць улады, мы ёй назло шмат і дэманстратыўна ядзім».
Жарты жартамі, але ежа, ахвяраваная дзеля агульнай справы і прыгатаваная валанцёрамі, збліжае яшчэ лепей, чым гімн.
75-гадовы дзядок, які прынёс на Майдан дзве торбы прадуктаў, кажух і некалькі коўдраў, распавёў, чаму ён гэта робіць: «Яны кажуць, быццам людзей тут Амерыка корміць, ці яшчэ хто. Іх кормяць такія, як я. Бо хочацца хаця б адным вокам перад смерцю ўбачыць, што Украіна нарэшце выйшла з гэтага чмуру. А Януковіч яшчэ глыбей нас туды зацягвае. Крый божа, каб яшчэ і ў Мутны саюз зацягнуў».
У прынятай Майданам у нядзелю рэзалюцыі, датычнай магчымай дамовы аб уступленні Украіны ў Мытны саюз, гаворыцца, што «Мытны саюз — гэта не толькі адсутнасць дэмакратычных выбараў, але і заказныя суды, палітычныя рэпрэсіі, бясконцая карупцыя, "саўковая" эканоміка і нізкі ўзровень жыцця». Таксама ў ёй адзначаецца, што Мытны саюз — гэта «садружнасць вечных прэзідэнтаў», і створаны ён «у інтарэсах толькі адной краіны — Расіі».
Вектар пратэсту троху змясціўся. Арсеній Яцанюк, лідар партыі «Бацькаўшчыны», сфармуляваў гэтае змяшчэнне такім чынам: «Калі раней мы выступалі за еўраасацыяцыю, цяпер мы выступаем за еўрапейскія каштоўнасці». А значыць — супраць усёдазволенасці, нахабства і пражэрлівасці ўраду. Алег Цягнібок згадаў лозунг украінскіх народнікаў: «За Украіну без халопа і пана!»
Украінцы маглі трываць непрафесійных, шкадлівых ці бездапаможных кіраўнікоў, але пана, які трымае іх за халопаў, яны трываць не хочуць.
«Анархія ў нас у крыві, з-пад ярма мы будзем уцякаць з усёй моцы», — кажа Вікторыя Громава, 56-гадовая выкладчыца мастацтва.