Сенатар Макейн назваў Аляксандра Лукашэнку "найбольш брутальным дыктатарам Еўропы"

Параўноўваючы сітуацыю ва Украіне і Беларусі, амерыканскі сенатар Джон Макейн назваў беларускага кіраўніка "найбольш брутальным дыктатарам Еўропы". 



99766_1.jpg

"Лукашэнка з'яўляецца найбольш брутальным дыктатарам Еўропы", — сказаў сенатар у інтэрв'ю газеце "Украинская правда" , адказваючы на пытанне, чаму ў дзвюх суседніх краінах такая розная сітуацыя ў плане барацьбы за дэмакратыю. 


"Рана ці позна людзі ў Беларусі вызваляцца ад яго (Лукашэнкі. — БелаПАН.) кіраўніцтва, — падкрэсліў Макейн. — Украіна ж вялікае, шматкультурнае, вельмі разнастайнае грамадства, з высокаадукаваным насельніцтвам, сапраўды вялікая краіна. Я думаю, што Пуціну хацелася б утрымаць Украіну ў расійскай арбіце больш, чым любую іншую краіну свету".


Варта зазначыць, што сенатар Макейн неаднаразова выступаў з рэзкай крытыкай у адрас Аляксандра Лукашэнкі. Так, у лютым 2011 года, выступаючы на Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы, амерыканскі палітык заявіў, што сумняваецца ў легітымнасці прэзідэнта Беларусі. "Рэжымы тыраніі існуюць усюды, яны не абмяжоўваюцца толькі Блізкім Усходам. Вельмі хутка спадар Лукашэнка можа быць заменены следам за іншымі тыранамі свету", — сказаў тады Макейн. 


Яшчэ раней, на сустрэчы са студэнтамі ЕГУ ў парламенце Літвы, сенатар назваў Аляксандра Лукашэнку "бязлітасным, жорсткім, брутальным тыранам".

belapan.com