Рэвалюцыя адкладаецца да вясны
Францыя — безумоўны лідэр у Еўропе па частцы сацыяльных пратэстаў. Куды можа прывесці хваля народнага незадавальнення? Якія тэндэнцыі на апазіцыйнай сцэне? Пра гэтыя і іншыя
аспекты актуальнай сітуацыі ў Францыі журналіст «НЧ» Алег Новікаў размаўляе з французскім палітолагам Жан-Шарлем Алемандам.
— Наколькі моцна крызіс закрануў Францыю?
Францыя — безумоўны лідэр у Еўропе па частцы сацыяльных пратэстаў. Куды можа прывесці хваля народнага незадавальнення? Якія тэндэнцыі на апазіцыйнай сцэне? Пра гэтыя і іншыя
аспекты актуальнай сітуацыі ў Францыі журналіст «НЧ» Алег Новікаў размаўляе з французскім палітолагам Жан-Шарлем Алемандам.
— Наколькі моцна крызіс закрануў Францыю?
— Хутчэй трэба казаць пра тое, якія сектары эканомікі ён закрануў больш, а якія менш. Перш за ўсё дасталося галіне машынабудавання. Тут мелі месца масавыя звальненні. Аднак колькасць
беспрацоўных вырасла не так моцна, калі параўноўваць з ЗША або Вялікабрытаніяй. Галоўныя прычына ў тым, што дзяржаўны сектар у Францыі дастаткова вялікі. Тут з часоў сацыяльнай дзяржавы захавалася
эфектыўная сістэма сацыяльнай абароны і пераразмеркавання прыбыткаў. Увогуле, цікава назіраць, як праяўляецца крызіс знешне. Напрыклад, вельмі незвычайна выглядае сёння Парыж, які традыцыйна жыве за
кошт турыстаў. Зараз зеніт турыстычнага сезону, аднак кафэ і рэстараны пустыя. Няма чаргі ў Луўр. А вось сітуацыя на курортах Рыўеры абсалютна іншая. Аказалася, што ў параўнанні з мінулым годам
прыбыткі ў гэтым сектары нават выраслі. Прычына вельмі незвычайная: уся сусветная эліта ў роспачы ад крызісу, таму вырашыла забыцца на курорце. Попыт на дарагія гатэлі нават вырас, а вось уладальнікі
сціплых гатэляў, разлічаных на турыстаў сярэдняга класу, наадварот, адчуваюць праблемы.
— Ці адлюстравалася рэцэсія на палітычнай сітуацыі, прынамсі на рэйтынгу папулярнасці Нікаля Сарказі?
— На пачатку года мелі месца масавыя дэманстрацыі. На Першае мая выйшла ўвогуле рэкорднае колькасць маніфестантаў, больш за 4 мільёны. Акрамя таго, назіраўся рост колькасці спантанных акцый.
Працоўныя акупавалі заводы, бралі патронаў у заложнікі, каб тыя не прадалі абсталяванне і г. д. Гэта б значыла паступовае закрыццё прадпрыемстваў. Часам тыя ініцыятывы нават не былі звязаныя з
прафсаюзамі. Адбыліся вялікія дэманстрацыі студэнтаў і выкладчыкаў супраць скарачэння акадэмічнай аўтаноміі.
Што тычыцца палітыкі, то рэйтынг Сарказі і ўраду трошкі знізіўся. Выбары ў Еўрапарламент сталі своеасаблівым тэстам. Аказалася, што блок партый, які падтрымлівае ўрад, усё роўна набраў большасць,
хаця і не шмат — 29 працэнтаў. Акрамя таго, вядучая апазіцыйная партыя — сацыялісты — папросту ўшчэнт прайграла (атрымала 16 працэнтаў). На гэтым фоне падняліся іншыя новыя
левыя — Фронт левых, Зялёныя, Новая антыкапіталістычная партыя.
— Дастаткова нечаканым стаў вялікі працэнт галасоў, якія былі аддадзеныя за Зялёных (15%). У чым сакрэт іх поспеху?
— Перш за ўсё, гэтыя выбары паставілі антырэкорд па актыўнасці выбаршчыкаў. Галасавалі ўсяго прыкладна 40 працэнтаў. Дарэчы, гэта самы нізкі паказчык у гісторыі выбараў у краіне. А ў
працоўных кварталах і таго менш — каля 30 працэнтаў. Таксама вельмі мала галасавалі людзі маладзей за 35 гадоў. 70 працэнтаў моладзі байкатавалі выбары. Аднак, з іншага боку, на выбары
прыйшлі ўсе прыхільнікі ЕС, і яны, натуральна, галасавалі за партыі, якія найбольш радыкальна выступаюць за пашырэнне кампетэнцыі інстытутаў ЕС. Гэта перш за ўсё Зялёныя. Апошнія падчас кампаніі
нават больш крытыкавалі Барозу, чым Сарказі. Нічога дзіўнага, што дзяржава дазволіла ім карыстацца грамадскімі каналамі. Перамога Зялёных садзейнічала росту экалагічнай свядомасці. Гэта пазітыўны
момант. Тэма змянення клімату стала часткай палітычнай дыскусіі.
— Якія працэсы назіраюцца ў шэрагах галоўнай апазіцыйнай Сацыялістычнай партыі?
— Параза на еўрапейскіх выбарах спарадзіла ўнутраны крызіс у партыі. Сама апазіцыйная ідэя ў
крызісе. Сацыялісты доўгі час думалі, нібыта ўсё ідзе да таго, што сітуацыя ў Францыі будзе такой, як у ЗША, дзе існуе па-сутнасці двухпартыйная сістэма. У такой схеме яны планавалі заняць нішу
дэмакратаў. Аднак такі пражэкт праваліўся. Па-першае, акрамя сацыялістаў існуюць іншыя левыя партыі, і знікаць яны не збіраюцца. Па-другое, у адрозненні ад амерыканскіх дэмакратаў, якія на час
выбараў кансалідуюцца, французскія сацыялісты наадварот увесь час сварацца. Фактычна Сацпартыя расколатая на некалькі груповак. Галоўная лінія супрацьстаяння: група былога кандыдата Сігален Руаяль
супраць клана Марціна Абры (старшыня партыі). Гэта вельмі негатыўна ўплывае на імідж і на вынікі выбараў. Большага падарунка для Сарказі, чым разборкі паміж сацыялістамі, няма. Увесь час (як, дарэчы,
і ваш прэзідэнт) наш гарант тыкае на апазіцыю і кажа: ну як яны могуць аб’яднаць нацыю, калі паміж сабой знайсці кампраміс не здольныя.
— Яшчэ адзін нечаканы вынік чэрвеньскіх выбараў — адносна добры паказчык камуністаў. Пасля краху СССР давер да Кампартыі стабільна падаў. Ці значыць гэта, што французы зноў пачалі
давяраць партыі «верных марксістаў-ленінцаў»?
— Думаю, што падзенне папулярнасці камуністаў працягнецца. Адносна добры вынік тлумачыцца кааліцыяй з Левай партыяй (адкол ад сацыялістаў). Шмат будзе залежыць ад дынамікі на левым флангу.
Зараз акрамя Сацпартыі працуюць Фронт левых (блок камуністаў і Левай партыі) і трацкісты. Зялёныя адмаўляюцца ад сацыяльнай тэматыкі і ўсё часцей выконваюць функцыі партыі цэнтру. Пачынаецца вялікая
гульня — хто будзе так званымі «левымі левымі». Думаю, што ў такіх умовамі камуністы самі зацікаўленыя ў тым, каб змяніць брэнд. Слова «камуністы» больш
пасуе ХХ стагоддзю, а не ХХІ.
— Калі партыі знаходзяцца ў стане «перазагрузкі», магчыма, ролю авангарда апазіцыі здольныя выканаць прафсаюзы?
— Цяжка казаць. Прафсаюзы вельмі расколатыя. Апошнім часам яны перасварыліся з-за пытання, ці могуць супермаркеты і крамы працаваць у нядзелю. Традыцыйна прафсаюзы былі супраць такой
практыкі, лічачы, што на тое і выходныя, каб усе працоўныя адпачывалі. Апошнім часам некаторыя прафцэнтры пачалі выступаць за тое, каб усё ж дазволіць працу крамаў у нядзелю, натуральна, пры ўмове,
што персанал на гэта пагодзіцца і атрымае большы заробак. Крытыкі кажуць, што ў час крызісу вельмі лёгка прымусіць працаваць «дабраахвотна» пад пагрозай звальнення. Гэта тэма
выклікае столькі эмоцый, што часам сам крызіс і сацыяльная альтэрнатыва мадэлі Сарказі сыходзяць на задні план. Акрамя таго, мы, французы, так любім дэмакратыю, што жывём электаральнымі цыкламі.
Цяпер галоўная інтрыга — не перспектывы рэвалюцыі, а вынікі рэгіянальных выбараў наступнай вясною. Думаю, да гэтага часу нічога глабальнага не адбудзецца.