Рыжская дума ўхваліла знос помніка савецкім салдатам. Пачаліся пратэсты

Рыжская дума прагаласавала за знос помніка вызваліцелям Рыгі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Пасля таго, як рашэнне было абвешчана, у горадзе пачаліся пратэсты. Прадстаўнікі Расіі раней ужо асудзілі магчымы знос і выказалі гатоўнасць забраць помнік з Латвіі.

Фота: Таісія Варанцова / ТАСС

Фота: Таісія Варанцова / ТАСС

Рыжская дума ў пятніцу прыняла рашэнне пачаць усе падрыхтоўчыя працы, неабходныя для будучага дэмантажу помніка савецкім воінам у Задзвінні. «За» выступілі 38 дэпутатаў, «супраць» — 7, тых, хто ўстрымаўся, не было.
Пасля галасавання ў Рыжскай думе ў цэнтры горада пачалася акцыя пратэсту, у якой прынялі ўдзел каля 200 чалавек. Паводле выдання «Delfi»», супрацоўнікі паліцыі затрымалі на Ратушнай плошчы сем чалавек, у тым ліку лідара «Рускага саюза Латвіі», дэпутата Еўрапарламента Таццяну Жданок.
Мемарыяльны комплекс, які называецца Помнік воінам Савецкай Арміі — вызваліцелям Савецкай Латвіі і Рыгі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, быў адкрыты ў 1985 годзе. Гэта амаль 80-метровая калона з залатымі зоркамі, каля якой стаяць скульптуры савецкіх салдат і Радзімы-маці.
Напярэдадні парламент Латвіі ўхваліў законапраект, які прыпыняе дзеянне 13-га артыкула латвійска-расійскага дагавора ад 1994 года, што забяспечвае захаванасць мемарыяльных збудаванняў. Гэты законапраект скасаваў асноўную юрыдычную перашкоду для зносу помніка.
Рашэнне парламента было напрамую звязана з расійскім уварваннем ва Украіну — дзеянне 13-га артыкула будзе прыпынена аж да «спынення парушэння Расіяй міжнароднага права ў дачыненні да Украіны, у тым ліку вываду яе войскаў з тэрыторыі Украіны, поўнага аднаўлення тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэнітэту Украіны ў адпаведнасці з міжнародным правам і выплаты кампенсацыі Украіне за здзейсненыя парушэнні міжнароднага права».
Афіцыйны прадстаўнік расійскага МЗС Марыя Захарава адрэагавала на рашэнне сейма, назваўшы дэпутатаў «вурдалакамі». Губернатар Ленінградскай вобласці Аляксандр Драздзенка накіраваў мэру Рыгі Марціньшу Стакісу зварот, у якім паведаміў аб гатоўнасці забраць помнік, паведаміла прэс-служба рэгіянальнага ўрада.
Спрэчкі вакол савецкага помніка абвастрыліся напярэдадні Дня перамогі. У гэтым годзе латвійскія ўлады замест традыцыйных канцэртаў і шэсцяў 9 траўня дазволілі толькі ўскласці кветкі ля помніка, выклікаўшы незадаволенасць рускамоўнага насельніцтва. Пры гэтым вакол помніка была арганізавана фотавыстава з кадрамі вайны ва Украіне.
На наступны дзень кветкі перад помнікам прыбралі з дапамогай бульдозера. Гэта выклікала яшчэ большае абурэнне грамадскасці, і неўзабаве ля помніка сталі з'яўляцца новыя кветкі. А ў парку вакол сталі збірацца мітынгоўцы як у падтрымку Расіі, так і супраць яе. Паліцыя пачала затрыманні.
У выніку паліцыя распачала каля 20 адміністрацыйных спраў (у асноўным за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях, а таксама за дэманстрацыю забароненай сімволікі), і тры — крымінальныя (па артыкулах аб супраціве паліцыі, а таксама аб апраўданні генацыду), паведамлялі мясцовыя СМІ.
На дэмантаж помніка партал Ziedot.lv ужо сабраў больш за 200 тысяч еўра.
Паводле ВВС