СААЗ: Еўропа атрымала шанец узяць пандэмію пад кантроль. Краіны адмаўляюцца ад абмежаванняў

У Еўропы з'явіўся ўнікальны шанец узяць пад кантроль распаўсюджванне пандэміі ва ўмовах рэкорднага росту захворвання. Так лічыць дырэктар Еўрапейскага бюро Сусветнай арганізацыі аховы здароўя Ханс Клюге, паведамляе тэлеканал «Euronews».

_covid___kavid___pandemija___masaczny_rezym__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo_1_logo.jpg


Паводле слоў Клюге, гэтаму спрыяе наступленне вясны, а таксама высокі ўзровень вакцынацыі і натуральнага імунітэту: «Мы аказаліся ў сітуацыі, з якой яшчэ не не сутыкаліся за час цяперашняй пандэміі. З'явілася магчымасць для працяглай перадышкі, ёсць надзея на значна больш высокі ўзровень абароны насельніцтва ад новай хвалі распаўсюджвання інфекцыі, нават калі з'явіцца яшчэ больш вірулентны штам.
Гэты перыяд падвышанай абароны варта разглядаць як "перамір'е", якое магло б прынесці нам трывалы мір, пры ўмове, што мы будзем умацоўваць і падтрымліваць імунітэт, працягваючы вакцынацыю і распаўсюджванне бустэрных доз».
Паводле звестак СААЗ, за мінулы тыдзень у Еўропе зарэгістраваныя 12 млн. новых выпадкаў заражэння каронавірусам. Гэта максімум з пачатку пандэміі. Пры гэтым колькасць шпіталізаваных расце павольней, а паказчыкі смяротнасці стабілізуюцца.
Між тым, многія еўрапейскія краіны адмаўляюцца ад абмежаванняў, уведзеных у сувязі з пандэміяй, паведамляе novayagazeta.ee.

Літва

З 5 лютага жыхарам Літвы больш не прыйдзецца выкарыстоўваць «пашпарт магчымасцей» унутры краіны. Але ў той жа час улады краіны заявілі, што нельга адмаўляцца ад іншых мер абароны, паколькі пандэмія яшчэ не скончылася. «Пашпарт магчымасцей», у іншых краінах вядомы як «кавід-сертыфікат», або «пашпарт імунізацыі», увялі ў Літве ў траўні мінулага года. «Пашпарт магчымасцей» дазваляў яго ўладальнікам наведваць больш буйныя гандлёвыя кропкі, установы вольнага часу, забаў і грамадскага харчавання.

Латвія

Міністэрства аховы здароўя пачало працу над планам па паступовым змякчэнні мер эпідэміялагічнай бяспекі, якія плануе паэтапна рэалізоўваць пасля заканчэння бягучай кавід-хвалі. Мяркуецца, што пік бягучых заражэнняў прыйдзецца на сярэдзіну лютага. Улічваючы складаную эпідсітуацыю, урад ухваліў падаўжэнне рэжыму НС у краіне да 28 лютага.

Эстонія

Калі ў бальніцы будзе паступаць менш за 25 пацыентаў з каронавірусам у дзень, то з 21 лютага ў Эстоніі адменяць выкарыстанне Covid-сертыфікатаў. З такой заявай выступіла кіраўніца ўрада Кая Калас.
З 14 лютага адмяняюцца Covid-сертыфікаты для непаўналетніх.

Францыя

2 лютага французскія ўлады скасавалі абавязковае нашэнне масак у грамадскіх месцах на адкрытым паветры. У прыватнасці, ахоўныя маскі больш не патрэбныя на пад'ёмніках французскіх гарналыжных курортаў, на рынках і на школьных дварах.
Акрамя таго, зняты рэжым абавязковай выдаленай працы. Адмененыя і абмежаванні па колькасці наведвальнікаў спартыўных і культурных устаноў, а таксама ўдзельнікаў масавых мерапрыемстваў.

Швецыя

Улады Швецыі знялі практычна ўсе каранцінныя абмежаванні. Новыя правілы пачнуць дзейнічаць з 9 лютага, піша «Bloomberg». Улады вырашыліся на гэты крок, спасылаючыся на высокі ўзровень вакцынацыі і кіруемую сітуацыю ў бальніцах.
У Агенцтве грамадскага здароўя прыйшлі да высновы, што каронавірус у далейшым можна не лічыць хваробай, якая прадстаўляе павышаную небяспеку для грамадства, і звярнуліся з такой рэкамендацыяй да ўрада.

Швейцарыя

Швейцарыя з 3 лютага зняла частку каронавірусных абмежаванняў у сувязі з тым, што COVID-19 становіцца эндэмічным захворваннем, гаворыцца ў рашэнні Федэральнай рады краіны.
Мяркуецца, што калі пік заражэнняў яшчэ не будзе пройдзены, з 17 лютага пачнецца паэтапнае зняцце ўсіх абмежаванняў. У прыватнасці, на першым этапе адменяць абавязак прад'яўляць сертыфікат аб вакцынацыі ў рэстаранах, на мерапрыемствах і ва ўстановах вольнага часу і культуры. Будуць адмененыя абмежаванні на правядзенне прыватных мерапрыемстваў і адменіцца патрабаванне атрымліваць дазвол на правядзенне масавых мерапрыемстваў на адкрытым паветры.
На другім этапе плануецца адмяніць усе астатнія меры, у тым ліку патрабаванне насіць маскі і прад'яўляць прышчэпачны пашпарт. Гэта таксама прывядзе да адмены пастановы аб надзвычайнай сітуацыі, уведзенай уладамі ў сувязі з COVID-19.

Данія

У пачатку лютага ўлады Даніі адмянілі шэраг абмежаванняў, уведзеных раней у сувязі з распаўсюджваннем COVID-19. Кінатэатры, музеі і тэатры зноў прымаюць наведвальнікаў. Начныя клубы па ўсёй краіне зноў пачнуць працаваць, будзе дазволены продаж алкаголю ў позні час сутак, наведвальнікам больш не спатрэбіцца дадатак па адсочванні кантактаў для наведвання кафэ і рэстаранаў.
Акрамя таго, абмежаваную колькасць балельшчыкаў зноў дапусцяць на спаборніцтвы, якія праходзяць як у памяшканнях, так і на свежым паветры.

Фінляндыя

З 1 лютага ў Фінляндыі працягнулі час працы рэстаранаў і бараў. Зноў дазволілі адкрыць трэнажорныя залы, басейны і спартыўныя пляцоўкі, праводзіць мерапрыемствы ў закрытых памяшканнях. Акрамя таго, знялі абмежаванні на ўезд — цяпер на межах з іншымі краінамі Еўрасаюза няма кантролю.
На працягу месяца ўрад плануе адмяніць астатнія абмежаванні. У той жа час за рэгіёнамі пакінулі права ўводзіць каранцінныя меры, калі эпідэміялагічная сітуацыя пагоршыцца.

Аўстрыя

Аўстрыя таксама пайшла па шляху змякчэння Covid-абмежаванняў: з 31 студзеня ў краіне адмянілі локдаўн для непрышчэпленых. Раней ім дазвалялася пакідаць дамы толькі па неабходнасці. Аднак праз суткі, 1 лютага, у краіне ў сілу ўступіў закон аб абавязковай вакцынацыі. Да 15 сакавіка павінны прайсці вакцынацыю тыя, хто раней ад яе адмовіўся з непаважлівай прычыны. Пасля ў сілу ўступяць штрафы: першы раз трэба будзе заплаціць 600 еўра, за неаднаразовыя парушэнні сума можа дасягаць 3,6 тысячы еўра ў год.
У той жа час улады плануюць змякчыць санітарныя абмежаванні. З 5 лютага будуць павялічаны гадзіны працы крам і рэстаранаў. З 12 лютага не трэба будзе прад'яўляць пасведчанне аб вакцынацыі або перанесенай хваробе пры ўваходзе ў крамы.

Нідэрланды

У Нідэрландах дзейнічалі адны з самых жорсткіх каронавірусных абмежаванняў у Еўропе. Але ў каралеўстве вырашылі рушыць услед за прыкладам іншых краін і скараціць шэраг кавідных забарон.
У краіне зноў адкрываюцца рэстараны, бары, тэатры і музеі, якія былі зачыненыя на працягу апошняга месяца. Аднак гадзіны іх працы будуць абмежаваныя да 22:00, а на ўваходзе трэба будзе прад'явіць альбо адмоўны тэст, альбо пасведчанне аб вакцынацыі ці перанесенай хваробе. Начныя клубы вырашана было пакінуць закрытымі, а колькасць наведвальнікаў спартыўных і масавых мерапрыемстваў абмежаваць да 1250 чалавек.
Што тычыцца Беларусі, то ў пятніцу, 4 лютага, зафіксаваны новы антырэкорд — 7350 выпадкаў каронавіруса. У нашай краіне няма абмежаванняў у сувязі з пандэміяй.