Па французскіх вуліцах цяпер можна хадзіць без маскі
У Францыі знялі некаторыя каронавірусныя абмежаванні: па вуліцы цяпер можна хадзіць без маскі, паведамляе euronews.com.

Фота: EPA/Vostock-photo
У Францыі ў сераду, 2 лютага, знятыя некаторыя кавідныя абмежаванні. Так, цяпер неабавязкова насіць маскі на вуліцы. Да "вуліцы" прыроўненыя, напрыклад, лыжныя пад'ёмнікі, адкрытыя рынкі і школьныя двары. Больш не абмежавана колькасць людзей, якія могуць адначасова знаходзіцца ў памяшканні.
Праз два тыдні французаў чакаюць і новыя паслабленні: будуць зноў адкрыты дыскатэкі, а выпіваць можна будзе і ля барных стоек — пакуль можна толькі седзячы.

У той жа час захоўваецца дзеянне вакцынавага пропуску: на грамадскія мерапрыемствы, у спартзалы, у рэстараны пускаюць толькі прышчэпленых, тых якія перахварэлі або маюць медыцынскі дазвол не вакцынавацца.
Зрэшты, эпідэмічная сітуацыя ў Францыі пры гэтым застаецца няпростай: узровень захворванняў — 35 чалавек на тысячу. Аднак сітуацыя ў бальніцах, па словах уладаў, застаецца стабільнай.
