Сабака праз месяц дачакаўся гаспадароў на папялішчы дома ў Каліфорніі

У Каліфорніі сабака па мянушцы Мэдысан амаль месяц чакаў сваіх гаспадароў, якія былі вымушаныя эвакуявацца з горада Парадайс з-за наймацнейшага ляснога пажару.

Мэдысан, фота з фэйсбуку

Мэдысан, фота з фэйсбуку

Гаспадыня пса Андрэа Гейлорд не змагла забраць двух сабак — Мэдысан і Мігеля — з сабой, калі экстрана пакідала горад. Яна звязалася з арганізацыяй па абароне жывёл K9 Paw Print Rescue і папрасіла іх даведацца пра лёс гадаванцаў.
Абодва сабакі, як высветлілася, здолелі перажыць пажар, які знішчыў Парадайс. Мігель знайшоўся ў адным з прытулкаў у суседнім горадзе, а Мэдысан апынуўся ў Парадайсе, дзе ахоўваў свой былы дом. Зоаабаронцы прыносілі сабаку ежу і ваду, але не маглі яго забраць — сабака нікога да сябе не падпускаў.
7 снежня гаспадыні Мэдысана нарэшце дазволілі вярнуцца ў Парадайс, і верны сабака чакаў яе на месцы згарэлага дома!
«Ніколі не здавайцеся!» — напісалі прадстаўнікі K9 Paw Print Rescue у фэйсбуку, распавядаючы гісторыю Мэдысан. Запіс перапосцілі больш за 13,5 тысяч разоў.
meduza.io