Сёння ўначы над Крамлём з’явіўся «крывавы» Месяц — гэта знак бяды?

Сёння ноччу масквічы маглі ўбачыць незвычайны Месяц — ён быў злавеснага чырвонага колеру. Адразу ж у сацсетках пачаліся размовы, што гэта вельмі кепскі знак.

Фота з тэлеграм-канала «Звезда»

Фота з тэлеграм-канала «Звезда»

Карыстальнікі сацсетак адразу ж назвалі «крывавы» Месяц нядобрым знакам і нават прадвеснікам «пачатку канца часоў», як пазначана ў кнізе прарока Ёіля.

Відаць, паніка досыць шырока ахапіла маскоўскую грамаду — настолькі, што нават канал «Звезда», які кіруецца Міністэрствам абароны РФ, звярнуў на гэта ўвагу і паспрабаваў супакоіць гараджан. Нават апублікаваў з гэтай нагоды каментар сіноптыка.

Так, сіноптык Таццяна Пазнякова патлумачыла, што такія змены колеру Месяца адбыліся з-за павышэння вільготнасці ў цэнтральнай частцы Расіі з набліжэннем цёплага атмасфернага фронту. Месяц здаецца жоўтым, калі сухое паветра прыносіцца антыцыклонам.

«На колер спадарожніка Зямлі, — адзначыла яна, — таксама паўплывала месяцовае зацьменне. Калі Месяц толькі ўзыходзіць або заходзіць за гарызонт, ён набывае чырвонае адценне, але калі святло дасягае атмасферы Зямлі, яно праламляецца і рассейваецца — і становіцца белым. Аднак, калі Месяц знаходзіцца ў поўным або частковым ценю Зямлі і закрыты ад Сонца, ён працягвае свяціцца. І чым бліжэй ён знаходзіцца да гарызонту, тым чырванейшым становіцца яго адценне».

Варта сказаць, што «крывавы» месяц на небе быў злавесным прадвесцем у міфалогіі амаль усіх народаў ад самых старажытных часоў. Не стала выключэннем і хрысціянская цывілізацыя: чырвоны месяц на небе асацыіраваўся з крывёю і гневам Усявышняга. У Сярэднявеччы яго ўспрымалі як знак Суднага дня або як прадвесце вялікіх бедстваў.