Эсэсаўца з Аўшвіца прысудзілі да 4 гадоў турмы
Асуджаны Оскар Грэнінг нікога не забіваў у Асвенцыме, ён займаўся ўлікам і вопісам маёмасці вязняў.
Былыя вязні канцлагеру віталі рашэнне суда, паводле якога 94-гадовы Грэнінг мае трапіць за краты на 4 гады.
Грэнінг трапіў у Асвенцым у якасці працаўніка лагеру, калі яму было 21. Немец прызнаецца, што ў тыя часы ён захапляўся ідэямі нацызму, паведамляе "Белсат".
У ягоныя абавязкі ўваходзіў вобшук новапрыбылых вязняў і целаў забітых: усе каштоўныя рэчы і схаваныя грошы ён забіраў, апісваў у дакументах і здаваў афіцэрам СС. Гэтыя каштоўнасці ў выніку сканфіскоўваліся на карысць нацысцкай Нямеччыны.
«Я нікога не забіваў і не даводзіў да такой сітуацыі, каб хтосьці праз мяне памёр», — казаў Грэнінг у інтэрв’ю. Больш за тое, пасля вайны ён адкрыта распавядаў журналістам пра сваю працу і пра парадкі ў лагеры. Па ягоных словах — дзеля барацьбы з адмаўленнем Халакосту.
У 1985 годзе пракуратура Франкфурту спыніла расследаванне справы ў дачыненні Грэнінга і дзясяткаў іншых працаўнікоў Асвенціма. Следчыя не пабачылі наўпроставай сувязі паміж іхнымі дзеяннямі і смерцю вязняў. Акрамя таго, віна кожнага працаўніка лагеру мелася быць даказаная індывідуальна, а для гэтага патрэбныя былі паказанні сведкаў супраць канкрэтнай асобы. У 2013 расследаванне распачалося наноў.
У красавіку Грэнінг заявіў, што маральна адчувае сябе вінаватым, аднак гэта суд мае вырашыць, ці паводле заканадаўства ён мусіць панесці адказнасць.
Абвінавачванні супраць Грэнінга датычылі перыяду з траўня па ліпень 1944 году, у гэты час у Асвенцым прыбывалі цягнікі з вугорскімі габрэямі. Агулам — каля 137 цягнікоў, што перавезлі больш за 400 тысяч асобаў. Прынамсі 300 тысячаў з іх адразу скіравалі ў газавыя камеры.
«Асвенцым агулам быў машынаю смерці. І гэта сталася вырашальным, калі суд прымаў рашэнне ў дачыненні Грэнінга. І кожны, хто прымаў удзел у гэтых забойствах, хто паатрымоўваў гэтую машыну, павінен несці адказнасць», — заявіў адвакат Карнэліюс Нэстлер, які на судзе прадстаўляў інтарэсы пацярпелых.
«Я задаволены прысудам, але не зычу турмы для яго, таму што я ведаю, што гэта такое — быць у турме. Я быў у Асвенціме цягам двух гадоў», — сказаў пасля працэсу Леон Шварцбаўм, які фігураваў у якасці аднаго з пацярпелых.
Магчыма, што суд над Грэнінгам — апошні маштабны працэс над нацысцкімі злачынцамі: мінула ўжо больш за 70 гадоў з часоў іх злачынстваў. Бліжэйшымі тыднямі адмысловая медычная камісія мусіць вырашыць, ці стан здароўя 94-гадовага асуджанага дазваляе яму адбываць пакаранне ў турме.