Сусветныя цікавосткі: Паліцыя супраць сатаны, хапун на клоўнаў, кароль-калабарацыяніст

Паліцэйскі-экзарцыст, што ліквідаваў Пабла Эскабара, новая хваля дыскусій вакол асобы Эдуарда VIII, антраполагі даказалі, што продкі Бетховена не з Афрыкі, чэкісты супраць Біма і Бома. Прапануем вам традыцыйны агляд кур'ёзных навін з усяго свету.

Ілюстрацыйная выява. Створана нейрасеткай

Ілюстрацыйная выява. Створана нейрасеткай

Паліцыя супраць сатаны

Генры Санабрыя, генерал і галоўны начальнік паліцыі Калумбіі, падзяліўся з прэсай прафесійным сакрэтам. Аказваецца, у барацьбе супраць наркамафіі ён стала выкарыстоўвае рэлігійныя рытуалы, у прыватнасці, абрад выгнання д'ябла. Сам генерал тлумачыць гэта тым, што тэма наркотыкаў звязана з Люцыферам. Акрамя таго, сілавік упэўнены, што наркагандляры займаюцца вядзьмарствам. Напэўна, усё гэта гучыць вельмі экстравагантна. Аднак нельга забываць, што менавіта Санабрыя злавіў і ліквідаваў самага вядомага ў свеце наркабарона Пабла Эскабара. Па словах паліцыянта, падчас арышту ён расставіў у сваім кабінеце распяцці і статуі Дзевы Марыі і чытаў малітвы. Менавіта таму Эскабар, маўляў, не змог вырвацца з засады. Застаецца дадаць, што паліцыянт-экзарцыст спрабуе ўжываць духоўную зброю не толькі супраць наркамафіі. Нядаўна міністэрства спрабавалі пікетаваць нейкія маніфестанты. Генерал разагнаў натоўп выключна за кошт таго, што паказаў дэманстрантам распяцце. Дарэчы, праўдзівасць гэтай гісторыі пацвярджаюць іншыя супрацоўнікі міністэрства. Вось такая метафізіка.
Па матэрыялах іспанскай прэсы

Кароль-калабрацыяніст

Уоліс Сімпсан і Эдуард VIII  падчас візіту да Гітлера

Уоліс Сімпсан і Эдуард VIII падчас візіту да Гітлера

Брытанскі гісторык Аляксандр Ларман зноў актуалізаваў дыскусію на тэму, што брытанскі экс-кароль Эдуард VIII дапамагаў нацыстам. Гаворка пра караля Брытаніі, які кіраваў краінай з студзеня па снежань 1936-га году. Ягонае кіраванне скончылася велізарным скандалам. Пад ціскам сям'і і ўрада Эдуард адмовіўся ад кароны, жадаючы жыць з амерыканскай артысткай Уоліс Сімпсан, якая, дарэчы, на той момант была замужам. Як бачым, у экс-караля былі ўсе матывы адпомсціць брытанскай эліце і сваім сваякам. Адсюль плёткі наконт таго, што Эдуард мог дапамагаць нацыстам падчас вайны. Тым больш, што былы кароль сімпатызаваў фашыстам і жыў у акупаванай Францыі. Канкрэтная дапамога Гітлеру нібыта складалася ў перадачы нацыстам схемы Букінгемскага палаца, які неўзабаве быў падвергнуты бамбардзіроўцы. Некалькі бомбаў пры гэтым трапілі ў прыватныя жылыя памяшканні каралеўскай сям'і.
І вось Аляксандр Ларман сцвярджае, што яму нарэшце ўдалося знайсці дакладныя матэрыялы аб датычнасці Эдуарда да налёту на каралеўскую рэзідэнцыю. Зрэшты, знайшліся ў Лармана і крытыкі. На іх думку, ніякіх доказаў пра ўнутраную інфармацыйную ўцечку Ларман не мае. Інакш бы ён адразу іх прадэманстраваў. І ўвогуле Букінгемскі палац быў для немцаў відавочнай мэтай, на якую было нескладана скінуць бомбу. Дапамога экс-караля або кагосьці яшчэ была залішняй.
Па матэрыялах брытанскай прэсы

Ці быў Бетховен афрыканцам?

By Karl Joseph Stieler - web.archive.org/web/20160623080009, Public Domain, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=165990

By Karl Joseph Stieler - web.archive.org/web/20160623080009, Public Domain, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=165990

Даследаванне, праведзенае Лейпцыгскім інстытутам эвалюцыйнай антрапалогіі ім. Макса Планка, прадаставіла фінальную інфармацыю аб паходжанні кампазітара Людвіга ван Бетховена. Паводле вынікаў, каля 99 працэнтаў продкаў Бетховена былі выхадцамі з Заходняй і Цэнтральнай Еўропы. Так што ў яго не было афрыканскіх каранёў, як неаднаразова сцвярджалася раней. Чамусьці апошнім часам многія былі ўпэўненыя, што славуты ўраджэнец Бона быў чарнаскурым. А адзін рэпер нават пабіўся аб заклад з мэрам Вены наконт афрыканскага паходжання Бетховена.

На падставе даследавання валакна валасоў кампазітара даследчыкі ўстанавілі, што музыка быў беласкурым еўрапейцам. Мянушку «Спаньёл» (іспанец) хутчэй за ўсё ён атрымаў з-за свайго смуглага колеру твару. Так што сенсацыі не адбылося. Хоць магчыма з’явілася сенсацыя ў іншай вобласці. Навукоўцы дапускаюць, што Бетховен быў незаконнанароджаным дзіцём.

Па матэрыялах нямецкай прэсы


Хапун на клоунаў



bim_i_bom.jpg

Бім (Радунскі) і Бом (Станеўскі). Архіў сям'і Радунскага ruscircus.ru 

Знаўцы гісторыі цыркавога мастацтва ўспомнілі незвычайны юбілей. 105 гадоў таму 27 сакавіка 1918-га ў Маскве чэкісты арганізавалі хапун на клоунаў — удзельнікаў дуэта «Бім і Бом». Гэта быў адзін з самых знакамітых клоунскіх дуэтаў, які выступаў яшчэ з канца 19 стагоддзя. Лідарам групы быў Іван Радунскі, які, дарэчы, сімпатызаваў кастрычніцкай рэвалюцыі. Нягледзячы на палітычныя забабоны, пасля кастрычніка 1917-га Радунскі і калега засталіся вернымі прынцыпу — артысты маюць высмейваць будзь які палітычны рэжым. У адной пародыі Бім з'яўляўся на сцэне з партрэтамі Троцкага і Леніна. Калі яго пыталіся, што ён збіраўся рабіць з імі, адказваў: «Аднаго павешу, а другога да сценкі пастаўлю». Прыкладна такую сцэнку паказалі Бім і Бом і падчас выступу ў адным з маскоўскіх цыркаў 27 сакавіка 1928-га. Артысты не ведалі, што ў залі знаходзіцца група чэкістаў. Чэкістам такія жарты настолькі не спадабаліся, што яны выбеглі на арэну і спрабавалі арыштаваць Біма і Бома, страляючы пры гэтым у паветра. Публіка вырашыла, што пагоня за клоўнамі — частка рэпрызы і рагатала. А вось клоунам было не да смеху.
На шчасце, Біму і Бому ўдалося ўцячы і недзе схавацца. Зрэшты, на наступны дзень іх усё роўна выклікалі на Лубянку і папрасілі дэпалітызаваць рэпертуар. Праз нейкі час Бім і Бом уцяклі ў Польшчу. Хаця ў 1925-м Радунскі вярнуўся на радзіму, адрадзіў дуэт і нават атрымаў у 1939-м званне заслужанага артыста СССР.

Па матэрыялах брытанскай прэсы