«Свабода — гэта штодзённы плебісцыт». У Нью-Ёрку адбыўся Марш паняволеных народаў (фота)

Прадстаўнікі беларускай грамады Амерыкі бяруць удзел у гэтым маршы і ў імпрэзах Камітэту Паняволеных Народаў ад самага яго ўтварэння, напісаў у Facebook адзін з яго ўдзельнікаў, Вадзім Васільеў.

Фота з ФБ Вадзіма Васільева

Фота з ФБ Вадзіма Васільева

«Сёння, калі Беларусь знаходзіцца пад расійскай вайсковай акупацыяй і паняволена дыктатурай Лукашэнкі, што дазволіла гэтую акупацыю, мы мусім падтрымаць таксама нашых братоў ва Украіне, частка якой акупаваная і паняволеная расійскімі агрэсарамі», — адзначыў ён.

«Нацыі, што лічаць сябе свабоднымі, таксама мусяць памятаць, што свабода — гэта штодзённы плебісцыт. Што свабода не даецца задарма, што за яе трэба цэлы час змагацца. Абавязак кожнага свабоднага і вызваленага народу — дапамагчы тым, хто застаецца ў паняволенні», — напісаў Васільеў.

«Марш Паняволеных Народаў» ад 1959 года адкрывае мерапрыемствы «Тыдня Паняволеных Народаў», які быў запачаткаваны, каб прыцягваць увагу амерыканскага грамадства да становішча народаў, паняволеных дыктатурамі. Гэты Тыдзень быў афіцыйна зацверджаны Кангрэсам ЗША больш за 60 год таму як тыдзень ухвалы змагання супраць таталітарызму і камуністычнай тыраніі, для прыцягнення ўвагі амерыканскага грамадства да лёсу народаў, што пакутуюць пад ціскам дыктатуры.

Напачатку большасцю ўдзельнікаў мерапрыемстваў былі эмігранты з былога СССР і краінаў Варшаўскай дамовы. Пасля распаду СССР колькасць паняволеных народаў зменшылася, але маршы працягваюцца.


Глядзіце таксама