Свята не будзе. Як англічане адмянілі Раство

Ніякіх царкоўных службаў, калядных упрыгожанняў і баляванняў — менавіта так доўгія гады выглядала Раство ў рэвалюцыйнай Англіі XVII стагоддзя.

carols_1.jpg

Англіканская царква, заснаваная падчас Рэфармацыі, прызнавала Раство, аднак паступова на Альбіёне ўзніклі альтэрнатыўныя думкі на гэты конт. Актыўна развіваліся пратэстанцкія рухі і абшчыны, якія імкнуліся да рэлігійных рэформаў.

Найбольш важнымі з іх былі прэсвітарыянства ў Шатландыі і пурытанства ў Англіі, якія выраслі з вучэння кальвінізму. Прадстаўнікі абедзвюх груп марылі скасаваць біскупскую сістэму і абвясцілі вяртанне да біблейскіх прынцыпаў і ачышчэнне хрысціянства ад знешніх элементаў, у тым ліку святаў.

Уплыў кальвінізму выявіўся, апроч іншага, у нежаданні адзначаць нараджэнне Езуса 25 снежня. Навукоўцы-кальвіністы сцвярджалі, што гэта не гістарычная і не біблейская дата. Паколькі, на іх меркаванне, гэта была неапраўданая выдумка каталіцкай царквы, захаванне такіх урачыстасцей не мела сэнсу. Дамінавала думка, што адзначэнне Раства — гэта ўсяго толькі нагода для п'янства і распусты, а замест гэтага павінна быць днём посту і рэлігійнага сузірання.

Пурытане нават імкнуліся пазбягаць назвы «Раство» (Christmas), якая, па іх меркаванні, мела каталіцкае адценне, паколькі ўтрымлівала тэрмін «імша» (старажытнаангел. Christ-mass, гэта значыць імша [у гонар] Хрыста). Змагаліся не толькі са святкаваннем 25 снежня, але і з усім дванаццацідзённым перыядам навагодніх свят.

У выніку грамадзянскай вайны ў Англіі пурытане дайшлі да ўлады, спачатку выгнаўшы караля. А заадно забаранілі адзначаць былыя дзяржаўныя святы.

У 1644 годзе была зроблена першая спроба крыміналізаваць Раство. Ва ўведзеных раней правілах гаварылася, што кожная апошняя серада месяца павінна быць асаблівым днём посту і малітвы. Тады гэты дзень аказаўся 25 снежня. Таму парламент выдаў спецыяльную пастанову, якая зацвярджала выкананне паста і забарону на правядзенне калядных службаў.

У названы дзень было забаронена вешаць калядныя ўпрыгожанні і расказваць пра Раство. Усе майстэрні, прадпрыемствы і крамы 25 студзеня абавязалі працаваць па звычайным графіку. Затое ўсе цэрквы былі зачыненыя.

У 1647 годзе пурытанскі парламент узмацніў жорсткасць нормы, абвясціўшы святкаванне Калядаў незаконным і загадаў замяніць яго днём посту і пакаяння. Таксама былі прадугледжаны штрафы за невыкананне новых правілаў і ўдзел у «старых забабонных урачыстасцях». Царкоўным асобам за калядныя пропаведзі ўвогуле пагражала турэмнае зняволенне. Нават за ўпрыгожванне храмаў накладаліся штрафы.

Рэформа не выклікала захаплення ў людзей. Ужо ў 1647 годзе па ўсёй краіне пачаліся беспарадкі супраць забаронаў. Наўрад рэлігійны фактар тут быў галоўным. У сярэднія вякі адзначэнне Раства азначала не толькі службы ў цэрквах, але і вялікія застоллі, гульні, спевы святочных песень і г. д. цягам 12 дзён, да 6 студзеня.

Лонданцы пратэставалі супраць гандлю на Каляды. Некаторыя нават пагражалі купцам, якія працавалі 25 снежня. Часам справа даходзіла да крывавых боек. Лонданскія студэнты сабраліся, каб прадэманстраваць сваю прыхільнасць калядным традыцыям. Мэр паслаў супраць іх войска, але маладзёны супраціўляліся. Дэманстрацыю прыйшлося разагнаць сілай.

Аднак самыя буйныя беспарадкі ў тыя часы адбыліся ў Кентэрберы. Натоўп пратэстоўцаў напаў і разбурыў крамы, адчыненыя ў Раство, а пазней нават узяў пад свой кантроль горад.

Адной з формай пратэсту супраць забароны Калядаў стаў футбол. У калядныя дні натоўп ганяў па вуліцах футбольныя мячы як сімвал святочнага бязладдзя. Неўзабаве забаранілі і футбол.

Пасля перамогі парламента ў Другой грамадзянскай вайне і пакарання смерцю Карла I у 1649 годзе калядныя дэманстрацыі сталі менш частымі. Пры гэтым многія людзі ўсё ж адзначылі Каляды, але ў прыватным фармаце.

Пасля смерці Кромвеля ў 1658 годзе пурытане страцілі ўладу. У 1660 годзе манархія была адноўлена. У тым жа годзе парламент зноў прыняў Англіканскую Кнігу супольных малітваў і афіцыйна аднавіў Каляды.

Іншая сітуацыя склалася ў Шатландыі, дзе аналагічная забарона дзейнічала некалькі стагоддзяў. Чыннікам было жаданне караля зрабіць Шатландскую царкву падобнай, сярод іншага, на Англіканскую ў плане літургіі і святочных урачыстасцей. З 1638 года 25 снежня ў Шатландыі заставалася звычайным працоўным днём аж да сярэдзіны ХХ стагоддзя, калі пачалося паступовае вяртанне да святкавання гэтага дня.