Праблема календара. Калі ў праваслаўных і каталікоў супадзе святкаванне Раства?
Каталікі і грэка-каталікі святкуюць Раство 25 снежня. Яшчэ нядаўна праваслаўная супольнасць святкавала Раство 7 студзеня. Аднак цяпер некаторыя праваслаўныя і на постсавецкай прасторы пераходзяць да святкавання 25 снежня.
Раство святкуюць 25 снежня і каталікі, і праваслаўныя. Аднак адзначаюць гэты дзень паводле розных календароў: Юліянскага і Грыгарыянскага, распавядае «Штодзень».
Троху гісторыі
Юліянскі каляндар (названы ў гонар Юлія Цэзара, паводле ўказа якога і быў уведзены дадзены каляндар) распрацаваны групай александрыйскіх астраномаў. Аднак гэты каляндар быў не зусім дакладны, бо сонца робіць абарот вакол зямлі прыблізна на 12 хвілін больш павольна, чым думалі старажытныя грэкі. То-бок у Юліянскім календары працягласць году большая на 11 хвілін і 15 секунд, чым даўжыня сонечнага. У выніку Раство, якое практычна супадае з днём зімовага сонцастаяння, пасунулася да вясны.
У выніку Папа Рымскі Грыгорый ХІІІ у 1582 годзе правёў рэформу календара. І ўжо ў 1582 годзе наступным пасля 4 кастрычніка днём стала 15 кастрычніка.
Не ўсе краіны адразу перайшлі на Грыгарыянскі каляндар. Напрыклад, Вялікабрытанія ў 1752 годзе, Швецыя — у 1753-м.
На тэрыторыі сучаснай Беларусі пераход на Грыгарыянскі каляндар адбыўся ў 1585 годзе. Паводле ўказа караля і вялікага князя Стэфана Баторыя, у ВКЛ пасля 21 снежня 1585 года наступіла 1 студзеня 1586 года.
А вось Расія на Грыгарыянскі каляндар перайшла адна з апошніх. Дэкрэт аб увядзенні заходнееўрапейскага календара быў прыняты 26 студзеня 1918 года Саветам народных камісараў. Пазней за Расію на новы каляндар перайшлі хіба што Турцыя і Кітай.
Аднак праваслаўная царква ў пачатку ХХ стагоддзя на новы каляндар не перайшла. У выніку і склалася сітуацыя, калі людзі жывуць паводле Грыгарыянскага календара, а царква — паводле Юліянскага. На дадзены момант розніца паміж Грыгарыянскім і Юліянскім календарамі складае 13 дзён. Такім чынам, калі паводле Грыгарыянскага календара 25 снежня, то паводле Юліянскага — гэта яшчэ 12 снежня. І з цягам часу розніца будзе павялічвацца.
Не ўсе праваслаўныя цэрквы прытрымліваюцца Юліянскага календара
Руская, Сербская, Іерусалімская, Грузінская цэрквы жывуць паводле Юліянскага календара. А вось іншыя ў пачатку ХХ стагоддзя сталі пераходзіць на новаюліянскі каляндар.
У траўні 1923 года ў Канстанцінопалі адбыўся Сабор праваслаўных усходніх цэркваў, скліканы сусветным патрыярхам Мялеціем IV. На ім сярод іншага было абмеркавана і каляндарнае пытанне. Каб не прымаць Грыгарыянскі каляндар, «выходны ад каталіцкага Папы», было вырашана ўвесці каляндар, названы новаюліянскім. Гэты каляндар быў распрацаваны сербскім астраномам, прафесарам матэматыкі і нябеснай механікі Бялградскага ўніверсітэта Мілуцінам Міланковічам (1879-1956).
Адметнасць новаюліянскага календара ў тым, што ён заснаваны на больш складаным, 900-гадовым цыкле. Паводле новаюліянскага календара дзень святкавання Раства нарэшце супадзе ў праваслаўных і каталікоў у 2800 годзе. Так што засталося пацярпець зусім троху: усяго 777 год.
На новаюліянскі каляндар перайшлі Румынская, Балгарская, Польская праваслаўныя цэрквы і Праваслаўная царква Чэшскіх земляў і Славакіі. Мітрапаліт Кіеўскі і ўсяе Украіны Епіфаній яшчэ ў 2019 годзе заявіў, што ўкраінцы могуць святкаваць Раство паводле Грыгарыянскага календара.
Сёлета ўпершыню ў Вільні праваслаўныя вернікі адзначаць Раство 25 снежня паводле Грыгарыянскага календара. «УПЕРШЫНЮ наша беларуская праваслаўная грамада будзе святкаваць Нараджэнне Хрыста 25 СНЕЖНЯ, па календару Сусветнага патрыярхату, разам з большасцю хрысціянскага свету!» — адзначаецца на старонцы Беларускай праваслаўнай супольнасці Сусветнага патрыярхату ў Вільні ў фэйсбуку.