Таджыкістан. Прыйшоў час для «Рахмоназнаўства»

У ВНУ Таджыкістана з’явіўся новы прадмет. Студэнтам некалькіх факультэтаў Таджыкскага нацыянальнага ўніверсітэта (ТНУ) увялі курс «Эмамалі Рахмон — архітэктар новай дзяржавы».



img_4845.jpg

Фота www.gazeta.bsu.by

Курс уключае 32 гадзіны лекцый, якія павінны пазнаёміць студэнтаў са зместам публіцыстычных твораў цяперашняга прэзідэнта краіны і асноўнымі этапамі яго біяграфіі.

Мінадукацыі нават не хавае, што гэта пачатак стварэння комплекснага курсу «Рахмоназнаўства».

Важна адзначыць, што эксперымент у ТНУ праходзіць на фоне шэрагу іншых акцый у гонар Бацькі Нацыі (так афіцыйна паводле закону называюць Эмамалі Рахмона).

Далей за ўсё ў гэтым пайшлі жанчыны аднаго з райцэнтраў. Яны запісваюцца ў чаргу за кавалкам спецыяльнай тканіны, якую ў краінах Цэнтральнай Азіі сцелюць пад ногі дарагім гасцям у знак павагі. У дадзеным выпадку гаворка пра тканіну, па якой ішоў прэзідэнт падчас наведвання рэгіёну. Дзясяткі жанчын захацелі атрымаць кавалак гэтай тканіны, каб, па іх словах, "з надзеяй заслаць яе пад ногі сваіх дзяцей».

Прэса адзінадушная ў ацэнках — у Таджыкістане імкліва ствараецца культ асобы Рахмона. А патрэбна гэта для таго, каб было прасцей растлумачыць народу, чаму наступным прэзідэнтам Таджыкістану будзе Рустам Рахмон — сын Эмамалі.

Паводле ўзбекскай прэсы