Турцыя. Курдам дазволена размаўляць на роднай мове
Турэцкі парламент прагаласаваў за рэвалюцыйны закон, які дазваляе курдам размаўляць ў судзе на роднай мове.
Закон нялёгка даўся народным абраннікам. Мала таго, што дэбаты цягнуліся тры дні, дык яшчэ час ад часу яны пераходзілі ў адкрытыя бойкі паміж сябрамі фракцыі курдскай Партыі міру і дэмакратыі і
турэцкімі нацыяналістамі. Апошнія рашуча выказаліся супраць таго, каб «нацыянальная ідэнтычнасць курда была роўная турэцкай».
Так ці інакш закон прыняты, і кожны пяты турэцкі грамадзянін (менавіта столькі курдаў у Турцыі) можа карыстацца матчынай мовай падчас судовых працэсаў. Да гэтага часу закон наўпрост не забараняў
выкарыстоўваць замежныя мовы у судзе, аднак, як правіла, суддзі патрабавалі, каб з імі размаўлялі на турэцкай мове. Дарэчы курдская грамадскасць арганізавала падчас слуханняў кампанію ў абарону
правоў курдскай мовы. Да яе нават падключыліся асуджаныя курды ў турмах. Яны правялі галадоўку ў падтрымку закона.
Палітолагі пішуць, што адной з прычын прыняцця гэтага закона ёсць намер турэцкіх уладаў пачаць дыялог з Рабочай партыяй Курдыстана, чый лідар сядзіць у турэцкай турме.
Паводле іспанскай прэсы