У Берліне затрымалі расіяніна за падрыхтоўку тэракта

У Берліне па падазрэнні ў падрыхтоўцы тэракту з выкарыстаннем выбухоўкі затрыманы 31-гадовы грамадзянін Расіі, паведамілі ў сераду ў генпракуратуры ФРГ.

040717_154541_31436_2.jpg

«Генеральная пракуратура сёння на падставе ордэра на арышт ад 9 жніўня 2018 года распарадзілася аб затрыманні 31-гадовага грамадзяніна Расіі Магамеда-Алі С. Яно было выканана спецпадраздзяленнем федэральнай крымінальнай паліцыі і берлінскай крымінальнай паліцыі. Акрамя таго, была абшуканая кватэра падазраванага», — цытуе «РИА Новости» дакумент, распаўсюджаны ў сераду.
У дакуменце пазначана, што затрыманы «падазраецца ў падрыхтоўцы цяжкага злачынства супраць дзяржавы і падрыхтоўцы злачынства з выкарыстаннем выбуховых рэчываў».
Па версіі пракуратуры, расіянін і чалавек па імені Клемент Б. у кастрычніку 2016 года збіраліся зладзіць выбух у неўсталяваным месцы ў Германіі. Вядома, што ў сваёй кватэры яны захоўвалі выбуховае рэчыва трыацэтона трыпераксід. Іх планам перашкодзіла прэвентыўная акцыя паліцыі ў дачыненні да Магамеда-Алі.
Баючыся ператрусу ў кватэры, мужчыны падзяліліся — Магамед-Алі застаўся ў Берліне, а яго саўдзельнік у канцы кастрычніка 2016 года пераехаў у Францыю. У красавіку 2017 года Клемента Б. затрымалі ў Марсэлі разам з іншым супольнікам за падрыхтоўку выбуху, паведамляе «Медуза». 
Таксама СМІ паведамляюць, што 23 жніўня суд разгледзіць пытанне аб арышце падазраванага.