У Чадзе падчас баёў забілі прэзідэнта краіны
Прэзідэнт Чада Ідрыс Дэбі загінуў у баі ад рук паўстанцаў. Ён кіраваў краінай 30 гадоў.
Гэта адбылося ўсяго праз дзень пасля таго, як Дэбі быў абраны на прэзідэнцкі тэрмін у шосты раз, паведамляе DW.
Афіцыйны прадстаўнік арміі Чада распавёў, што Дэбі загінуў падчас наведвання войскаў на перадавой.
19 красавіка ў камандзе прэзідэнта заявілі, што ён накіроўваецца ў паўночную частку краіны, каб далучыцца да барацьбы з «тэрарыстамі».
У той жа дзень паўстанцы, якія знаходзяцца ў Лівіі, атакавалі памежны пост і прасунуліся на сотні кіламетраў на поўдзень праз пустыню. Пасля сутыкненняў армія Чада заявіла, што забіла 300 паўстанцаў і прадухіліла наступ.
Ідрыс Дэбі прыйшоў да ўлады ў 1990 годзе ў выніку дзяржаўнага перавароту і затым выйграў усе шэсць выбараў прэзідэнта.
Тры гады таму парламент Чада «абнуліў» папярэднія прэзідэнцкія тэрміны і дазволіў Дэбі выбрацца яшчэ двойчы па шэсць гадоў.
Апошнія выбары прайшлі ў Чадзе 11 красавіка. Папярэднія вынікі, апублікаваныя 19 красавіка, паказалі, што Ідрыс Дэбі перамог на выбарах, набраўшы 79% галасоў.
Паводле nv.ua