У Парыжы зачыняецца першы і адзіны рэстаран для нудыстаў
Першы і адзіны ў Парыжы нудысцкі рэстаран зачыняе дзверы для наведвальнікаў крыху больш чым праз год пасля адкрыцця.
Усяму віной — недахоп кліентаў. Уладальнікі рэстарана браты-блізняты Майк і Стэфан Саада сказалі, што былі вымушаныя пайсці на такі крок, каб пазбегнуць фінансавых непрыемнасцяў.
«Прыходзьце да нас, пакуль не позна», — звярнуліся рэстаратары да патэнцыйных кліентаў, якія пагадзіліся б выпрабаваць экзатычнае спалучэнне галізны і высокай кухні да закрыцця рэстарана 16 лютага.
«Мы разлічваем на вашу падтрымку, — напісалі яны на старонцы рэстарана ў Фэйсбуку. — Мы ўдзячныя ўсім, хто ўдзельнічаў у гэтай прыгодзе. У нашай памяці застанецца толькі добрае і выдатныя людзі, з якімі мы пазнаёміліся».
Рэстаран «О'Нацюрэль» з помпай адкрыўся на ўсходзе Парыжа ў лістападзе 2017 года.
Наведвальнікам прапаноўвалі пакідаць у гардэробе не толькі адзенне, але і мабільныя тэлефоны, каб ні ў кога не было спакусы сфатаграфаваць іншага.
Пасля гэтага кліентам выдавалі тэпцікі, хоць жанчынам усё ж дазвалялася заставацца ў туфлях на высокіх абцасах.
Чорныя шаўковыя чахлы на крэслах мянялі некалькі разоў на працягу вечара, а на вокнах віселі шчыльныя белыя шторы.
Адзіныя апранутыя людзі ў рэстаране — афіцыянты. Распранацца ім не дазвалялі законы Францыі.
ВВС