У Расіі прозвішча Навальнага прыраўнялі да «экстрэмісцкай» сімволікі

Суды ў чатырох расійскіх рэгіёнах прызначылі адміністрацыйныя арышты ўдзельнікам акцый памяці Аляксея Навальнага, прыраўняўшы прозвішча палітыка да сімволікі «экстрэмісцкай» арганізацыі. Пра гэта паведамляе праваабарончы праект «Першы аддзел» са спасылкай на пастановы.

Фота з сацсетак

Фота з сацсетак

Усяго ў распараджэнні праваабаронцаў аказаліся тры такія пастановы, якія прынялі суды Чэлябінска, Краснадара і Мурманска. Аўтар тэлеграм-канала «Сімбірскі шугажор» Віталь Ахмераваў таксама распавёў, што ва Ульянаўску на яго склалі пратакол аб правапарушэнні за згадванне Навальнага.

У адным выпадку суд адправіў у спецпрыёмнік дзяўчыну, якая выйшла з плакатам «забіты Аляксей Навальны. Яго кроў на тваіх руках, Вова». Праваабаронцы не ўдакладняюць імя затрыманай, дзе яна жыве і колькі сутак арышту ёй прызначылі.

«На тэксце надпісу прысутнічае імя і прозвішча заснавальніка і лідара грамадскага руху «Штабы Навальнага», некамерцыйных арганізацый «Фонд барацьбы з карупцыяй» (ФБК), «Фонд абароны правоў грамадзян» (ФАПЧ), якія неаднаразова выкарыстоўвалі імя і прозвішча «Аляксей Навальны» як атрыбутыку і сімволіку», — цытуе «Першы аддзел» пастанову суда ў гэтай справе.

Як адзначаюць праваабаронцы, пры вынясенні рашэння суды спасылаліся на «экспертызу» даносчыка Данілы Міхеева, высновы якога раней выкарыстоўвалі ў справах аб дэманстрацыі забароненай сімволікі.

«Першы аддзел» піша, што з улікам шырокай геаграфіі «пакаранне за прозвішча» можна лічыць ужо існуючай практыкай, а не «эксцэсамі на месцах».

Прозвішча «Навальны», напісанае дзе б там ні было, не можа лічыцца экстрэмісцкай сімволікай — упэўненыя адвакаты «Першага аддзела». «Сімволіка, якая прызнаецца экстрэмісцкай, павінна быць указана ў рашэнні суда. Ніводным рашэннем суда прозвішча Навальнага не было забароненае і не можа быць забароненае. Імя і прозвішча — гэта тое, што нельга адабраць у чалавека», — лічыць адвакат Яўген Смірноў.


Глядзіце таксама

У чэрвені 2021 года Масгарсуд абвясціў «экстрэмісцкімі арганізацыямі» структуры, звязаныя з Аляксеем Навальным. Пасля гэтага ў Расіі сталі актыўна ўзбуджаць адміністрацыйныя справы паводле артыкула аб дэманстрацыі забароненай сімволікі (20.3 КаАП).

Так, у Краснаярску былога кіраўніка мясцовага штаба Навальнага Наталлю Пецярымаву спрабавалі судзіць з-за фатаграфій з лагатыпам Навальнага — белай літары Н з упісаным у яе чырвоным клічнікам. Суд апраўдаў Пецярымаву.

Аляксей Навальны, як паведаміла ФСВП Ямала-Ненецкай аўтаномнай акругі, памёр у калоніі «Палярны воўк» 16 лютага. 1 сакавіка палітыка пахавалі на Барысаўскіх могілках у Маскве.

Пасля смерці Навальнага і ў дзень яго пахавання па ўсёй Расіі і за мяжой прайшлі акцыі памяці палітыка. У расійскіх гарадах акцыі суправаджаліся затрыманнямі.