У расійскага тэрору няма межаў. Калініградскія сістэмы РЭБ пашкодзілі навігацыю амаль у 900 грамадзянскіх самалётах
Выключная падзея адбылася на мінулым тыдні: як мінімум 873 пасажырскія судны, што ішлі па паўночным усходзе Еўропы, пазбавіліся навігацыйнай сістэмы праз хвалі ад працуючых на поўную магутнасць комплексаў радыёэлектроннай барацьбы, умысна накіраваныя далёка за кардоны Расіі.

Сістэмы РЭБ (радыёэлектроннай барацьбы) у расійскім Калінінградзе працуюць на поўную магутнасць і ахопліваюць усё большую тэрыторыю суседніх дзяржаў і Балтыйскага мора, піша OSINT-аналітык Маркус Джонсан у X (былы Twitter).
Паводле даных з адкрытых крыніц, на мінулым тыдні, з 15 па 16 сакавіка, навігацыйнае абсталяванне выйшла з ладу як мінімум на 873 пасажырскіх самалётах розных авіякампаній і дзяржаўнай прыналежнасці. Расійская атака цягнулася 46 гадзін.

Аналітыка колькасці самалётаў з пашкоджанай сістэмай навігацыі. Выява: Airplanes.live
«Кожны з іх быў пасажырскім самалётам, запоўненым грамадзянскімі асобамі. Напрыклад, Ryanair SP-RKS быў без GPS мінімум дзве гадзіны ў Вільні і яшчэ дзве за Вільняй. Захад НІЧОГА не робіць. Такія перашкоды ўяўляюць небяспеку для тысяч камерцыйных самалётаў, і паколькі міжнародны ціск да гэтага часу не змог спыніць умяшанне, прыйшоў час для НАТА дзейнічаць прапарцыйна», — падкрэслівае Джонсан.
У зону палётаў, дзе адзначаецца высокая актыўнасць радыёэлектроннай барацьбы, уваходзіць Польшча, Літва, Латвія, Германія, Данія, Швецыя, Фінляндыя ды іншыя дзяржавы.
У сераду, 13 сакавіка, пад злачынства тэрарыстаў трапіў брытанскі самалёт Каралеўскіх паветраных сіл, на борце якога знаходзіўся міністр абароны Грант Шапс, піша BBC. Судна ішло паміж Вялікабрытаніяй і Польшчай у адносна невялікай адлегласці ад Калінінградскай вобласці, калі навігацыйная сістэма самалёта была «знесена». Разам з міністрам на борце знаходзіліся журналісты, якія суправаджалі спадара Шапса падчас яго візіту ў Польшчу, дзе ён абмяркоўваў са сваім польскім калегам падтрымку Украіны.
Пілоты судна паведамілі, што такі збой у непасрэднай блізкасці да расійскага эксклава ўжо не з’яўляецца для іх незвычайным.

Грант Шапс з журналістамі ў самалёце падчас збояў у рабоце GPS. Фота: UK.MOD
Паводле амерыканскага Інстытуту вывучэння вайны, у апошнія месяцы Расія актыўна выкарыстоўвае GPS-перашкоды ў Польшчы і краінах Балтыі. Мэта можа заключацца ў тым, каб перашкаджаць ці сарваць ваенныя вучэнні НАТА. Але для краіны-агрэсаркі абсалютна нязначна тое, што іх тэрарыстычныя дзеянні перашкаджаюць камерцыйнаму суднаходству і грамадзянскай авіяцыі.
Атакі на цывільныя судны меркавана здзяйсняюцца расійскім берагавым комплексам радыёэлектроннай барацьбы «Мурманск-БН», які ў канцы 2018 года перайшоў на ўзбраенне да 841-га асобнага цэнтра РЭБ Балтыйскага флоту ў Калінінградзе.
У студзені Militaniy пісалі, што ў палове рэгіёнаў Польшчы, а таксама Сувалкскім калідоры (памежная тэрыторыя Літвы і Польшчы ля Калінінградскай вобласці і Беларусі) праз магутныя радыёэлектронныя перашкоды не працавала глабальная сістэма пазіцыянавання.
Па звестках выдання, 15 снежня пра праблемы ў рабоце GPS пісалі і рэгіянальныя авіякампаніі, з-за якіх у шэрагу самалётаў над паўднёвай часткай Балтыйскага мора назіраліся навігацыйныя памылкі. Але найбуйнейшая па магутнасці і пашкоджаных сістэм атака цягам у 46 гадзін адбылася менавіта на мінулым тыдні.

Сістэма РЭБ «Мурманск-БН» у Калініградзе
Паводле распрацоўшчыкаў, «Мурманск-БН» здольны душыць сувязь ва ўсім кароткахвалевым дыяпазоне на адлегласцях да 3000 кіламетраў. 142-гі асобны батальён радыёэлектроннай барацьбы, які перабывае ў Калінінградзе, мае на ўзбраенні і іншыя комплексы РЭБ: «Палантын» і «Красуху».
Між іншым, факт выкарыстання менавіта гэтага віду ўзбраення на высокую далёкасць з гонарам пацвярджае і так званае Міністэрства абароны РФ. Як не дзіўна, цывільная замежная авіяцыя і флот у паведамленні называецца «атрадам караблёў і самалётаў-разведчыкаў умоўнага праціўніка».

Скрыншот з сайта Мінабароны РФ
Але РЭБ краіны-тэрарысткі ўздзейнічаюць не толькі на авіяцыю, але і на будзь-якую тэхніку з GPS-абсталяваннем, цалкам зносячы навігацыйную сістэму.
Так, хуткасны паром дацкай суднаходнай кампаніі Molslinjen імчаўся праз заліў Вялікі Бельт на хуткасці амаль 75 кіламетраў у гадзіну. Сігнал месцазнаходжання на дысплэі пачаў вар'яцець на вачах, расказвае капітан судна Ніс Свенструп Педэрсен тэлеканалу «TV2 ØST».

Ніс Свенструп Педэрсэн. Фота: Finans
«Я ўбачыў, што наўпрост губляю сігнал GPS», — кажа ён. За сваю больш чым 20-гадовую кар'еру капітан ніколі не перажываў нічога падобнага. Пашкоджанне навігацыйнай сістэмы робіць паром надзвычай цяжкім у кіраванні, а пагроза сутыкнення альбо пасадкі на мель узрастае ў разы. Сутыкненне на такой хуткасці з высокай доляй верагоднасці панесла б за сабой сотні ахвяр.
Збой GPS у Вялікім Бельце — не адзіны выпадак падобнага здарэння ў Балтыйскім моры. У мінулым годзе паром гэтага ж перавозчыка таксама паведаміў пра збой GPS пры ўваходзе ў порт Роне на Борнхольме. Карабель змог прычаліць толькі са спазненнем у дзве гадзіны.

Паром Molslinjen
Наўмыснае стварэнне пагрозы для крытычнай інфраструктуры замежных дзяржаў, якая можа пацягнуць за сабой невядомую колькасць ахвяр, падкрэслівае, што Расія цалкам губляе плынь рэальнасці і межы адэкватнасці.
Хаця і ў шэрагу дзяржаў цяпер не застаецца сумневаў, што Еўропа мае справу з краінай-тэрарысткай, апошнія дзеянні накшталт спробы замаху на грэцкую дэлегацыю разам з Уладзімірам Зяленскім і радыёэлектроннай атакі на грамадзянскія судны яшчэ раз дэманструюць характэрныя амбіцыі любой тэрарыстычнай групоўкі ў асобе Расіі.