У трунах ахвяраў Смаленскай катастрофы знайшлі парэшткі адразу некалькіх чалавек
У труне камандуючага ўзброенымі сіламі былі фрагменты чатырох целаў, у труне камандуючага спецназу – адразу сямі.
Польская пракуратура пацвердзіла, што ў труне генерала Уладзімежа Патасінскага, які загінуў у Смаленскай авіякатастрофе, знаходзіліся фрагменты целаў чатырох іншых людзей. Інфармацыю пра гэта агучыла ўчора газета Fakt.
Газета таксама напісала, што ў труне аператыўнага камандуючага польскіх узброеных сілаў Браніслава Квяткоўскага знайшлі фрагменты целаў ажно сямі іншых ахвяраў авіякататрофы. Пракуратура пацвердзіла, што ў труне знаходзіліся парэшткі іншых людзей, але не паведаміла, колькіх дакладна.
Пасля катастрофы авіялайнера прэзідэнта Польшчы Леха Качынскага, якая адбылася 10 красавіка 2010 году, ідэнтыфікацыяй целаў займаліся расейскія ворганы. Калі целы ахвяраў былі перавезеныя ў Польшчу, іх сем’ям забаранілі адкрываць труны, спасылаючыся на санітарныя нормы.
ген. Браніслаў Квяткоўскі. Фота: Міністэрства абароны Польшчы
Пасля таго, як у польскіх уладаў узніклі падазрэнні ў сумленнасці ідэнтыфікацыі, праведзенай расейскімі следчымі і патолагаанатамамі, было прынятае рашэнне пачаць эксгумацыю. З 2011 году былі адчыненыя труны 26 ахвяраў катастрофы. Высветлілася, што 8 чалавек былі пахаваныя не ў сваіх магілах, а ў пяці трунах знаходзіліся фрагменты целаў адразу некалькіх людзей. Усяго плануецца эксгумаваць целы 83 чалавек.
radyjo.net