У Венесуэле пачаліся перамовы паміж Мадура і апазіцыяй

Прадстаўнікі кіраўніка Венесуэлы Мадура і часовага прэзідэнта гэтай краіны Гуайда сустрэліся на Барбадосе. Нікалас Мадура назваў пачатак перамоваў вельмі абнадзейваючым.

49518590_303.jpg


Урад Нікаласа Мадура і апазіцыя Венесуэлы пры пасрэдніцтве Нарвегіі пасля шматтыднёвага перапынку аднавілі дыялог аб урэгуляванні палітычнага крызісу ў краіне, перадае dw.com. Прадстаўнікі бакоў у панядзелак, 8 ліпеня, сустрэліся на Карыбскім востраве Барбадас. Мадура, які асабіста не ўдзельнічае ў перамовах, назваў пачатак сустрэчы вельмі абнадзейваючым, дадаўшы, што ён разлічвае на дасягненне канкрэтных вынікаў.
"Прадстаўнікі бакоў вялі перамовы пяць гадзін. Мне здаецца, што мы крок за крокам, кіруючыся стратэгічным цярпеннем, падрыхтуем дарогу да міру", — сказаў Мадура, выступаючы з тэлезваротам да народу.
Дэлегацыю ўрада ўзначальвае міністр сувязі і інфармацыі Венесуэлы Хорхе Радрыгес, Гуайда даслаў на перамовы аднаго з дэпутатаў парламента і былога міністра.
Барацьба за ўладу ў Венесуэле, якая перажывае глыбокі эканамічны і палітычны крызіс, паміж Хуанам Гуайда і Нікаласам Мадура працягваецца ўжо некалькі месяцаў. Каля паўсотні дзяржаў прызналі Гуайдо часовым прэзідэнтам. Кіраўнік Венесуэлы Мадура карыстаецца падтрымкай арміі і сілавых структур, яго легітымнасьць, у ліку іншых, прызнаюць Расія, Кітай і Куба.