Украінскія маракі могуць вярнуцца на радзіму ўжо да канца лета

Да канца жніўня Расія і Украіна могуць абмяняцца затрыманымі і асуджанымі асобамі, паведамляе kommersant.ru.

_107908716_gettyimages_1156013270_1.jpg


Расія і Украіна выйшлі на фінальную стадыю ўзгаднення абмену асобаў, якія ўтрымліваюцца на тэрыторыі абедзвюх краін, распавяла крыніца "Коммерсанта", блізкая да гэтых перамоваў. Паводле яго слоў, спісы для абмену зараз удакладняюцца. Пры гэтым, паводле яго звестак, ва Украіну могуць вярнуцца не толькі затрыманыя мінулай восенню ў Керчанскім праліве ўкраінскія маракі. Суразмоўца "Коммерсанта" ў асяроддзі прэзідэнта Украіны сцвярджае, што дамоўленасць аб абмене была дасягнутая пасля першай тэлефоннай размовы прэзідэнтаў РФ і Украіны, якая адбылася 11 ліпеня.
Як паведаміла блізкая да перамоў крыніца "Коммерсанта", абмен асобамі, сярод якіх могуць быць не толькі затрыманыя, але і асуджаныя, адбудзецца да канца жніўня. Паводле яго слоў, ва Украіну дакладна вернуцца маракі, якія былі затрыманыя расейскімі сілавікамі пасля леташняга інцыдэнту ў Керчанскім праліве з удзелам трох караблёў украінскіх ваенна-марскіх сіл. Інфармацыю пра тое, што працэс абмену запушчаны, на ўмовах ананімнасці "Коммерсанта" пацвердзіў украінскі дыпламат.
Ці разглядаецца пытанне перадачы Кіеву рэжысёра Алега Сянцова, асуджанага ў Расіі да 20 гадоў турмы па абвінавачанні ў тэрарызме, суразмоўца адказаць не змог. Ён таксама адмовіўся адказваць на пытанне, каго ў абмен на маракоў выдасць Расіі Украіна, «каб не нашкодзіць». Па інфармацыі "Коммерсанта", сярод іх можа апынуцца былы галоўны рэдактар ​​«РІА Навіны-Украіна» Кірыл Вышынскі, арыштаваны ў траўні мінулага года па абвінавачванні ў дзяржаўнай здрадзе. Вышынскі з'яўляецца грамадзянінам РФ.
Таксама пра будучую выдачу асуджаных Балуха, Грыба, Карпюка, Клыха і Кольчанку са спасылкай на дасведчаную крыніцу паведамляе «Інтэрфакс». Як піша агенцтва, пяцёра грамадзян Украіны, асуджаныя за розныя злачынствы ў РФ і дастаўленыя ў СІЗА «Лефортово», могуць быць выдадзены на радзіму для адбыцця пакарання.