Улады Туркменістану баяцца пратэстаў. Таганаву параўноўваюць з Ціханоўскай
Туркменскія ўлады разгарнулі кампанію для дыскрэдытацыі Таганавай. Яны асцерагаюцца
ўзнікнення хваляванняў ўнутры краіны і параўноўваюць актыўную ўдзельніцу
пратэстаў супраць Бердымухамедава з беларускай Святланай
Ціханоўскай. Пра гэта паведамляе туркменская служба Радыё Свабода.

Дурсалтан Таганава, туркменская актывістка ў
Турэччыне, стала своеасаблівым тварам туркменскай апазіцыіІмя Дурсалтан Таганавай стала вядомым туркменскай
грамадзкасці ў ліпені гэтага году, пасля таго, як яе затрымалі ў Стамбуле
падчас пратэставай акцыі 19 ліпеня супраць ураду Туркменістану.
Таганаву, актывістку новай апазіцыйнай групы
«Дэмакратычны выбар Туркменістану», пратрымалі ў дэпартацыйным цэнтры Стамбулу
каля трох месяцаў і выпусцілі толькі 12 кастрычніка. З тых часоў, як Таганава
стала актыўнай удзельніцай пратэставага руху ў выгнанні, у Туркменістане пачалі
пераследаваць яе сваякоў. Чальцоў сям’і і іншых сваякоў Таганавай неаднаразова
выклікалі ў паліцыю і прымушалі рабіць заявы, называючы актывістку «здрадніцай
радзімы».
На апошніх пратэставых акцыях удзельнікі ў тым
ліку патрабавалі вызвалення Таганавай з дэпартацыйнага цэнтру ў Стамбуле. У яе
абарону таксама выступілі міжнародныя праваабарончыя арганізацыі.
У выніку павышанай увагі да Таганавай яна
фактычна ператварылася ў своеасаблівы твар туркменскага пратэставага руху. Туркменскія
ўлады занепакоеныя ростам яе папулярнасці на фоне росту незадаволенасці ў
краіне ў сувязі з эканамічным спадам і абвастрэннем сацыяльнай напружанасці.
У інтэрвію туркменскай службе Радыё Свабода
Дурсалтан Таганава пракаментавала параўнанне яе з Ціханоўскай:
«Ціханоўская ўдзельнічала ў прэзідэнцкіх
выбарах. А я не ўдзельнічала ў выбарах. Я не з’яўляюся лідарам такога ўзроўню.
Я проста актывістка руху „Дэмакратычны выбар Туркменістану“. Параўноўваць мяне з
Ціханоўскай — вялікая памылка. Мой актывізм з’яўляецца маленькім унёскам у
памкненне нашага народу да свабоды.
І я не гераіня, я такая ж
грамадзянка Туркменістану, як і любы іншы туркменістанец. Але я вельмі добра
зразумела, што, калі мы самі не запатрабуем нашую свабоду, ня будзем змагацца
за справядлівасць, ніхто нам не дасць свабоды і справядлівасці у якасці
падарунку. Мы не выбіралі Бердымухамедава. І мы павінны настойваць законнымі
шляхамі на яго сыходзе ад улады, а потым шляхам адкрытых выбараў мы павінныя
будзем выбраць новага лідара. У нас няма цяпер іншага выйсця».