Ужо траціна дзяржаў NATO падтрымала ўваход Украіны ў альянс

Прэзідэнты дзевяці краін Паўночнаатлантычнага альянсу з Цэнтральнай і Усходняй Еўропы ў нядзелю апублікавалі сумесную заяву, у якой асудзілі анексію Расіяй украінскіх тэрыторый і заклікалі НАТА істотна павялічыць вайсковую дапамогу Украіне. Раней падобную заяву зрабіла Канада.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі і генеральны сакратар NATO Енс Столтэнберг

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі і генеральны сакратар NATO Енс Столтэнберг

У заяве зазначаецца, што прэзідэнты васьмі дзяржаў NATO былі ў Кіеве ўжо падчас поўнамаштабнай вайны і «на свае вочы ўбачылі наступствы расійскай агрэсіі».
«Мы пацвярджаем нашу падтрымку суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны. Мы не прызнаем і ніколі не прызнаем спроб Расіі анексаваць любую ўкраінскую тэрыторыю», — дадаюць яны.
Таксама лідары дзяржаў Цэнтральна-Усходняй Еўропы выказалі цвёрдую падтрымку рашэнню Бухарэсцкага саміту НАТА 2008 года адносна будучага членства Украіны ў Альянсе.
«Мы падтрымліваем Украіну ў яе абароне ад расійскага ўварвання, патрабуем ад Расіі неадкладнага вываду войскаў з усіх акупаваных тэрыторый і заклікаем усіх членаў Альянсу істотна павялічыць вайсковую дапамогу Украіне. Усе, хто ўчыняе злачынствы агрэсіі, павінны быць прыцягнуты да адказнасці і паўстаць перад судом», — падагульняецца ў заяве.
Яе падпісалі:

  • прэзідэнт Чэхіі Мілаш Земан,
  • прэзідэнт Эстоніі Алар Карыс,
  • прэзідэнт Латвіі Эгілс Левітс,
  • прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа,
  • прэзідэнт Паўночнай Македоніі Стэва Пендароўскі,
  • прэзідэнт Чарнагорыі Міла Джуканавіч,
  • прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда,
  • прэзідэнт Румыніі Клаус Ёханіс,
  • прэзідэнт Славакіі Зузана Чапутава.


Украіна вырашыла ў паскораным парадку падаць заяўку на ўступленне ў NATO. Пра гэта ў пятніцу, 30 верасня, заявіў прэзідэнт Уладзімір Зяленскі.

Кіраўнік Украіны ў сваім відэазвароце заявіў, што дэ-факта краіна ўжо прайшла свой шлях у NATO.

— Дэ-факта мы ўжо даказалі сумяшчальнасць са стандартамі Паўночнаатлантычнага саюза. Яны рэальныя для Украіны — рэальныя на полі бою і ва ўсіх аспектах нашага ўзаемадзеяння, — заявіў Зяленскі.

Ён падкрэсліў, што Украіна і NATO давяраюць, дапамагаюць і абараняюць адно аднаго, што фактычна і з'яўляецца Альянсам. «Дэ-факта. Сёння Украіна падае заяўку, каб зрабіць гэта дэ-юрэ. Па працэдуры, якая будзе адпавядаць нашаму значэнню для абароны ўсёй нашай супольнасці. У паскораным парадку. Мы робім свой вызначальны крок, падпісваючы заяўку Украіны на ўступленне ў паскораным парадку ў NATO», — заявіў Зяленскі.

«Мы гатовыя да дыялогу з Расіяй, але ўжо з іншым прэзідэнтам Расіі», — заявіў Зяленскі.

Пра сваё рашэнне далучыцца да НАТО Украіна абвясціла 30 верасня, у дзень, калі ў Крамлі адбылася адмысловая цырымонія далучэння да Расіі Луганскай, Данецкай, Херсонскай і Запарожскай абласцей Украіны, якія яна часткова акупавала. Расія правяла на захопленых тэрыторыях псеўдарэферэндумы і незаконна анексавала названыя тэрыторыі. Акупацыйныя ўлады абвясцілі, што за далучэнне да Расіі прагаласавалі ад 96,7 да 98,9 працэнтаў выбаршчыкаў. У сераду, 28 верасня, створаныя Расіяй абласныя адміністрацыі папрасілі Уладзіміра Пуціна ўключыць гэтыя тэрыторыі ў склад Расіі.