Затрыманы аўтар Тэлеграм-каналу «Суверенный Крым», якога звязваюць з графіці супраць ФСБ

У падмаскоўным Падольску 29 траўня быў затрыманы 25-гадовы Віктар Сасна, аўтар і вядоўца Тэлеграм-каналу «Суверенный Крым», паведаміў Радыё Свабода адвакат затрыманага Мансур Гільманаў.

d0d8e170_ec07_4de3_a8e8_a957e960ab35_w1023_r1_s.jpg

Канал быў створаны сёлета 28 красавіка. Пасля гэтага, 21 траўня, у Сімферопалі ў анэксаваным Крыме на фасадзе дома з выявай прэзыдэнта Расіі Уладзіміра Пуціна з'явілася графіці з «пасланнем» да Федэральнай службы бяспекі Расіі. Невядомыя нанеслі на мурал трафарэтных надпіс: «ФСБ, давай пагуляем? Е2 — Е4. Цяпер твой ход, с**а».На афіцыйным узроўні расійскія і крымскія ўлады ніяк не адрэагавалі на з'яўленне надпісу. Але ўжо днём ён быў зафарбаваны работнікамі камунальных службаў. Паводле адваката, Сасна быў затрыманы менавіта пасля ператрусу, які праводзіўся супрацоўнікамі ФСБ на падставе пастановы суду гораду Сімферопаль.
Пасля з'яўлення надпісу журналісты Радыё Свабода пагутарылі з аўтарамі Телеграм-каналу «Суверенный Крым», якія прадставіліся як актывісты аднайменнай Тэлеграм-партыі. Сваіх імёнаў яны не раскрывалі, але пацвердзілі аўтарства паслання да расійскай спэцслужбы. Паводле іх словаў, яны расчараваліся ў дзеяннях расійскай улады пасля анэксіі паўвострава і хочуць бачыць Крым рэспублікай, незалежнай як ад Украіны, так і ад Расіі.
«Блакаванне інтэрнэту, санкцыі, федэральная карупцыя і іншае — мы на гэта не падпісваліся», — заявілі яны. І паабяцалі, што «кідкія акцыі такога роду працягнуцца».
Паводле адваката, Віктар Сасна заявіў пасля затрымання, што не лічыць сябе ў нечым вінаватым.
svaboda.org