ЗША. Крызіс і пытанне незалежнасці Пуэрта-Рыка
Абсалютна незвычайныя наступствы мае цяперашні бюджэтны крызіс у ЗША на палітычнае жыццё Пуэрта-Рыка (карыбская астраўная дзяржава, якая мае статус «дзяржавы, якая вольна далучылася да ЗША»). Мясцовыя незалежнікі даўно мараць пра выхад з-пад кантролю ЗША, аднак самі жыхары выспы ўпарта не жадаюць такой перспектывы.
Усё таму, што яны карыстаюцца ўсімі правамі жыхароў ЗША, за выключэннем права галасаваць на федэральных выбарах. Аднак цяпер у аматараў незалежнага Пуэрта-Рыка з’явіўся шанец. З-за таго, што ўсе федэральныя супрацоўнікі сышлі ў адпачынак, уся інфраструктура «каланізатараў» сама па сабе практычна знікла. Непасрэдна перасталі працаваць прадстаўніцтва федэральнага суду, дэпартаменты сацыяльнай дапамогі, міграцыі і іншыя структуры, якія фінансуюцца з цэнтру.
Незалежнікі маюць надзею, што праблемы ў Вашынгтоне зацягнуцца, і кіраўніцтву вострава не застанецца нічога іншага, як пачаць будаваць паўнавартасную адміністрацыю, што, у сваю чаргу, стане пралогам абвяшчэння незалежнасці выспы.
Паводле іспанскай прэсы