Палітзняволенага Руслана Акостку ў калоніі асудзілі яшчэ да года зняволення

Супраць палітзняволенага былога дэсантніка з Салігорску Руслана Акосткі, якога асудзілі да трох гадоў калоніі за супраціў міліцыянтам пры затрыманні на акцыі ў памяць Рамана Бандарэнкі, у віцебскай калоніі №3 узбудзілі новую крымінальную справу па арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы).

okostko_1.jpg

Суд над ім адбыўся 18 сакавіка ў будынку "Віцьбы". Пра працэсе не ведалі нават сваякі палітвязня — тры месяцы ад яго наогул не было вестак. У выніку суддзя Віцебскага раённага суда Міхаіл Зубеня асудзіў яго да года калоніі, паведамляюць праваабаронцы.
Нагадаем,16 лістапада 2020 года суд Салігорскага раёна арыштаваў Руслана Акостку на 15 сутак за ўдзел у акцыі пратэсту ў памяць забітага Рамана Бандарэнкі. Тады дэсантнік здолеў прайсці амаль праз увесь горад з бел-чырвона-белым сцягам, чым і стаў вядомым.
Аднак пасля арышту на волю Руслан так і не выйшаў. У дачыненні да былога дэсантніка распачалі крымінальную справу за супраціў супрацоўнікам міліцыі (арт. 363 Крымінальнага кодэкса) за тое, што падчас затрымання аказаў супраціў супрацоўнікам РАУС і нанёс ім цялесныя пашкоджанні. На судзе высветлілася, што яны не панеслі за сабой цяжкіх наступстваў і шкоды здароўю супрацоўніку РАУС.
Суд праходзіў фактычна ў закрытым рэжыме ў напружанай абстаноўцы і незвычайнай актыўнасці сілавікоў. Руслан на судзе віну не прызнаў.
У выніку суддзя Алеся Серадзенка асудзіла салігарчаніна на тры гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Тэрмін палітвзня накіравалі адбываць у віцебскую калонію №3. Са снежня сваякі Руслана не атрымлівалі ніякіх вестачак ад яго. У сакавіку з раскладу судоў на сайце Вярхоўнага суда стала вядома пра новы суд над палітвязнем. Цяпер Руслан утрымліваецца ў віцебскім СІЗА №2. Ён плануе абскарджваць прысуд.


Падтрымаць палітвязня лістамі і грашовымі пераводамі можна па адрасе:СІЗА-2, 210026, г. Віцебск, вул. Гагарына, 2, Руслан Уладзіміравіч Акостка.