Міхась Кукабака: «З Пуціным, Лукашэнкам усякае можа здарыцца…»

Вядомы савецкі дысідэнт пра вяртанне таталітарызму. Міхаілу Ігнатавічу 86 гадоў, і ён жыве ў цэнтры «Мордара» — у Маскве. Што ён цяпер адчувае? Цікавая рэфлексія, з якой кожны можа супаставіць свае пачуцці.

Акцыя ў абарону  Міхася Кукабакі перад будынкам ААН у Нью-Ёрку. 21.06.1981

Акцыя ў абарону Міхася Кукабакі перад будынкам ААН у Нью-Ёрку. 21.06.1981

Гэты артыкул не пра логіку сучасных падзей, а пра эмоцыі, якія яны выклікаюць. Чаму адбываецца такая гісторыя, ужо зразумела: многія аналітыкі расклалі ўсё па паліцах. Незразумела, як вынесці тое эмацыйна. Людзі цяпер у буры эмоцый і пачуццяў — ад віны да страху, ад болю да апатыі.

Таму мы вырашылі пагаварыць пра эмоцыі з чалавекам, які перажыў падобныя падзеі ў мінулым. Гэта вядомы савецкі дысідэнт, беларус Міхась Кукабака. Ён 17 гадоў адбыў у турмах, лагерах і вар'ятнях за свае антыкамуністычныя перакананні і дэмакратычныя імкненні, на ўласныя вочы ўбачыў, як дабро перамагло зло, і зноў апынуўся ў таталітарнай дзяржаве.

Віна

— Ці адчуваеце вы цяпер віну за тое, што таталітарызм вярнуўся, пачалася вайна?

— Вядома не, у чым мая віна? Я маленькі салдат рэвалюцыі, які рабіў усё, што было ў маіх вельмі сціплых сілах. У 1968 годзе, калі мяне выклікалі ў ваенкамат, я выразна сказаў: калі мяне адправяць у Чэхаславакію, я павярну аўтамат супраць акупантаў. Мяне ледзь не пабілі тады.

— Гэта вы да таго, што і сёння нішто не замінае мабілізаваным і салдатам сказаць тое ж самае?

— Так. Цяпер такі выбар: альбо ты становішся наёмным забойцам, альбо адседзіш 2 гады. Выбар за табой. І многія едуць ва Украіну літаральна на заробкі. Я не разумею, чаму ўкраінскі журналіст, які гутарыць з расійскімі ваеннапалоннымі (Уладзімір Золкін), не кажа ім проста: ты — наёмны забойца. Трэба паказваць, што гэтыя людзі — нікчэмнасць. Нечага разводзіць з імі дыпламатыю, яны злачынцы, і трэба прама так ім і казаць.


Сорам

— А сорам за краіну, як Расію, так і Беларусь, адчуваеце?

— Я і краіна — гэта рознае. Нічога агульнага. Чалавек у першую чаргу павінен адказваць за сябе, ён не можа несці адказнасць за чужыя ўчынкі. Гэта мой прынцып. Трэба трымацца прынцыпаў да канца.

Каб не адчуваць асабістага сораму, трэба першапачаткова разлічваць свае сілы і пралічваць наступствы. Напрыклад, у чалавека сям'я, яго прыціснулі: калі не спынішся, мы звольнім ці пасадзім тваю жонку. І ён ідзе на папятную і кажа: я быў вымушаны, бо мяне шантажавалі. Я не прызнаю такой пазіцыі, калі сваю баязлівасць выдаюць за клопат аб кімсьці. Ты ж ведаў, што маеш справу з уладай, якая не лічыцца з нормамі маралі. Значыць, трэба разлічваць свае сілы, размаўляць з сям'ёй, ці гатовыя яны падзяліць твой лёс, і неяк дамаўляцца.

Страх

— А ці ёсць у вас страх сёння?

— Я ўсё жыццё ўсяго баяўся. Баяўся турмы, лагера, вар'ятні, але заўсёды рабіў тое, што лічыў патрэбным. Страх ёсць у кожнага. Трэба ацэньваць сілы і пераадольваць гэты страх. Памятаю, сядзеў у камеры з крымінальнікам, які быў значна маладзейшы і мацнейшы за мяне.  І ён мяне абражаў. Я яго раз папярэджваю, два папярэджваю — ён не рэагуе. Сілы відавочна няроўныя. Як паступіць? Вядома, я баюся з ім біцца. Але трэба ставіць кропку. Я ўстаў, папрасіў яго таксама падняцца і калі ён устаў, я яму закатаў у лоб з усёй сілы, і мы счапіліся. Ён яшчэ потым скардзіўся, што я яго ўкусіў. Затое пасля гэтага — цішыня. Ледзь ён голас на мяне падвышаў, я яму — спыніся, і ён спыняўся.


Расчараванне

— А расчараванне адчуваеце? Вы столькі аддалі за свабоду, а яна згарнулася?

— Ніякага расчаравання няма. Таму што гэтая барацьба была ўсю чалавечую гісторыю. Я рабіў усё, што мог. Ну не атрымалася, што ж зрабіць? Атрымаецца пры іншым Міхасю Кукабаку.

— То-бок вы цяпер у стане філасофскага спакою?

— Так. У любы момант усё можа памяняцца. Хто чакаў, што ў СССР з'явіцца Гарбачоў? Ніхто. А ён з'явіўся, з самога наменклатурнага асяроддзя. А калі б Ельцын прызначыў Нямцова? Усё пайшло б па-іншаму. У гісторыі асоба грае выдатную ролю. Хоць, вядома, маюць значэнне і сістэмы. Той жа Гітлер на амерыканскай глебе быў бы проста радыкалам, фрыкам, а Трамп на расійскай глебе мог бы стаць такім жа дыктатарам, як Пуцін, але ў Амерыцы ў яго не атрымалася. Таму што там устойлівая сістэма, грувасткая, крытыкуемая, але якая працуе, і за 200-300 гадоў нікому не дазволіла ўзурпаваць уладу.


Боль

— А ці адчуваеце боль, што зараз зноў шмат рэпрэсаваных, палітвязняў?

— Я ім спачуваю. Як сказаў філосаф, няма іншага лёсу акрамя таго, што мы творым самі. Дзесьці чалавек падладжваецца, дзесьці трымаецца прынцыпаў, і адсюль бываюць выдаткі. Я прытрымліваюся формулы Эмануіла Канта: май адвагу карыстацца ўласным розумам. Трэба ні на каго не азірацца, не быць цацкай у чужых руках, трэба думаць самому, быць незалежным.

— Я таму пытаюся, што мы часта гаворым пра палітвязняў, забываючы пра іх суб'ектнасць, пра іх стаўленне да ўласнай ахвяры. Дапусцім, вось вы цяпер у турме за свае перакананні, а мы перажываем, што не можам вас вызваліць. Што б вы нам сказалі?

— Сказаў бы, што я сеў у турму не таму, што хтосьці будзе перажываць, а трапіў за краты праз свае прынцыпы і зусім не спадзяваўся атрымаць за гэта падзяку, не чакаў, што хтосьці мне чымсьці за гэта абавязаны. Гэта самастойны выбар, без усялякага разліку.

За нашу і вашу перамогу!

За нашу і вашу перамогу!

Надзея

— А надзею адчуваеце зараз?

— Надзею заўсёды адчуваю. З Пуціным, Лукашэнкам усякае можа здарыцца. Ці раптам з'явіцца новы Гарбачоў, які будзе разумнейшы і больш радыкальны за ранейшага ў адстойванні дэмакратычных каштоўнасцяў. Гэта як латарэя. Значэнне асобы ў гісторыі ніхто не адмяняў. Хто ведае, можа Міхаіл Гарбачоў і стаў такім, таму што бачыў гэтыя бессэнсоўныя ахвяры і рэпрэсіі ў краіне. Таму ўсё нездарма. Без надзеі жыць нельга.

— Вы ў сваім фэйсбуку пад адным з апошніх пастоў падпісаліся так: Міхась Кукабака, які паспяхова перажыў усіх генсакаў, акрамя Леніна і Пуціна. Як думаеце, перажывеце?

— Спадзяюся.

Даведка:

Міхась Кукабака нарадзіўся ў 1936 годзе ў Бабруйску, жыў у розных савецкіх рэспубліках. Стаў вядомы як праваабаронца, аўтар публіцыстычных матэрыялаў, якія ў 1970-1980-я распаўсюджваліся ў СССР праз самвыдат і замежныя радыёстанцыі. Меў чатыры палітычныя судзімасці і каля 17 гадоў зняволення. Апошні палітычны вязень у Пермскіх лагерах, вызвалены ў снежні 1988 года ў сувязі з «гарбачоўскай амністыяй палітвязняў». Рэабілітаваны Вярхоўным Судом БССР па ўсіх абвінавачваннях у 1991 годзе. Вярнуўся ў Беларусь, каб працягнуць праваабарончую дзейнасць, але тут яго не чакалі. Таму з’ехаў у Маскву.