Міхась Кукабака: Я паспяшаўся пахваліцца перамогай над КДБ-ФСБ

Атрымаўшы ў гэтым месяцы новае паведамленне з Міністэрства аховы здароўя РФ, Міхась Кукабака напісаў Праваабарончаму цэнтру «Вясна», што паспяшаўся пахваліцца «перамогай» над КДБ-ФСБ, якой раней палічыў «рассакрэчванне» судова-псіхіятрычных экспертызаў у рамках яго крымінальных спраў, па выніках якіх ён неаднаразова станавіўся ахвярай карнай псіхіятрыі.  



kukabaka_3_.jpg

Міхась Кукабака. Масква, 2013 год

Міністэрства аховы здароўя паведамляе, што Цэнтр імя У.П.Сербскага, у архівах якога захоўваюцца матэрыялы, што цікавяць Міхася Кукабаку, не можа даць яму запытаныя звесткі. Тлумачыцца гэта тым, што экспертныя заключэнні з'яўляюцца часткай матэрыялаў крымінальнай справы і выдаваць копіі такіх заключэнняў, знаёміць з імі грамадзянаў супрацоўнікі судова-экспертнай установы не маюць права.

То бок, Кукабаку не збіраюцца разгалошваць метады, якімі спрабавалі абвесціць яго вар'ятам 44 гады таму. На што ён было паспадзяваўся, атрымаўшы нечакана для сябе папярэдняе апавяшчэнне з Міністэрства аховы здароўя ад 23 студзеня 2014 года, у якім нейкі А.П. Данілеўскі паведамляў пра зняцце грыфа сакрэтнасці з яго гісторыяў хваробы за 1970, 1979 і 1982 гады камісіяй навуковага цэнтра сацыяльнай і судовай псіхіятрыі імя У.П.Сербскага. «Прачытаўшы такое, амаль любы на маім месцы падумаў бы, што мэта дасягнутая, — распавядае Міхась Ігнатавіч. — Мы з адвакатам вырашылі не звяртацца адразу для азнаямлення, а спачатку высветліць, як праходзіў працэс «рассакрэчвання». Адправілі запыт у гэты «псіх-інстытут» 18 лютага. І адначасова я атрымаў адказ з Міністэрства аховы здароўя за подпісам чыноўніка Кавалёва, які пацвердзіў рассакрэчванне і адмовіў у азнаямленні з архівам». Адказ Міністэрства аховы здароўя ад 7 сакавіка пацвердзіў гэтую адмову.

Дарэчы, чыноўнік Кавалёў адсылае Міхася Кукабаку з просьбай пра азнаямленне з матэрыяламі экспертызаў да праваахоўных органаў. У адказ на гэта «антысаветчык» абураецца: «Але ж я цяжбу з імі вяду з 2006 года! І ад усіх «праваахоўнікаў» і судоў атрымліваў адмовы. Для прыкладу ёсць адпіска з ФСБ за снежань 2013 года[Гл. у дадатку — рэд.]. Маю ж «крымінальную» справу ў 1970 годзе вёў начальнік следчай часткі УКДБ па Уладзімірскай вобласці маёр КДБ Павел Яўсееў [У 1970 г. паводле прысуду суда М.К. быў накіраваны ў Сычоўскую спецпсіхбальніцу, адкуль накіроўваўся на экспертызу ў інстытут імя Сербскага, быў прызнаны неўмяняльным і накіраваны на прымусовае лячэнне. — Рэд.]. І па яго распараджэнні яна была засакрэчана. А сёння, праз 44 гады, яны ўсе ад гэтай справы і ад мяне адхрышчваюцца».

На думку савецкага дысідэнта і чатырохразовага палітвязня, для цяперашніх спецслужбаў ён «вельмі непрыемны кліент» з розных прычынаў. «Па-першае, цалкам рэабілітаваны. Але калі з майго боку не было складу злачынства, значыць, іх «следчыя дзеянні» з'яўляюцца юрыдычна нікчэмнымі. Дакладней — злачыннымі. Паколькі пацягнулі за сабою шэсць гадоў пазбаўлення волі [1970 -1976 гг., па першай крымінальнай справе. — Рэд.]. Па-другое, ім нават прысніцца не магло, што, праз амаль 40 гадоў, я буду настойліва дамагацца высвятлення ісціны. Хутчэй за ўсё, разлічвалі, што ўвогуле не дажыву. І ўжо тым больш КДБ не марыў пра перабудову».

Нагадаем, што ў 1991 годзе Міхась Кукабака быў рэабілітаваны па ўсіх абвінавачваннях. Першую спробу дамагчыся азнаямлення з заключэннем судова-псіхіятрычных экспертызаў ён зрабіў у 2006 годзе — безвынікова. На працягу сямі наступных гадоў з усіх дзяржаўных установаў і судоў ён атрымліваў адмовы.


spring96.org