Акумулятарны завод плануюць запусціць напрыканцы студзеня

Пра гэта паведаміў дырэктар «Акумулятарнага Альянсу» Дзмітрый Бутаў 6 кастрычніка падчас сустрэчы з грамадскасцю.

akum.jpg

Цяпер на прадпрыемстве праходзяць пусканаладачныя работы. Яны аднавіліся пасля адмены 25 верасня распараджэння старшыні аблвыканкама аб прыпыненні будаўніцтва аб'екта.
— На працягу двух-трох тыдняў мы будзем наладжваць абсталяванне і далей пяройдзем да наступнага этапу: будзем запрашаць прадстаўнікоў цэнтра аналітычнага кантролю для выканання вымярэнняў, — распавёў Дзмітрый Бутаў.
Потым — працэс прыёмкі і ўводу ў эксплуатацыю:
— Плануецца, што прыёмачная камісія будзе працаваць з канца снежня па канец студзеня. Таму папярэдне ў нас у планах на канец студзеня — увод прадпрыемства ў эксплуатацыю, але пасля пацверджання ўсіх крыніц.

А што з рэферэндумам?

Аляксандр Лукашэнка ў чэрвені абяцаў праціўнікам будаўніцтва акумулятарнага завода, што лёс прадпрыемства вырашыць мясцовы рэферэндум. Яго пакуль не было, і лёс прадпрыемства, падобна, вырашаюць без яго.
 Асабіста маё меркаванне: уладай былі зроблены вельмі многія крокі, якія спрыялі арганізацыі і ініцыяцыі гэтага рэферэндуму. Пакуль я не бачу, што прадстаўнікі ініцыятыўнай групы [якія выступаюць супраць будаўніцтва завода] скарысталі гэтую магчымасць. Калі яны скарыстаюцца, я не ведаю, якімі будуць дзеянні ўладаў. Могуць і праводзіць рэферэндум паралельна, — пракаментаваў Дзмітрый Бутаў.

Ці хвалявацца за экалогію пры пусканаладцы і запуску?

На сустрэчы з грамадскасцю прысутнічалі таксама праціўнікі будаўніцтва.
— Скажыце, хтосьці панёс пакаранне за тое, што адбылося падчас папярэдняй пусканаладкі? У 178 разоў было перавышэнне па адной з крыніц па свінцу, — задала пытанне жыхарка Брэсцкага раёна Таццяна Фесікава.
— Дадзенае перавышэнне было выяўлена пры першых пусках і ў наступным ліквідавана. Дадзеная крыніца пацвердзіла праз вымярэнні свае праектныя паказчыкі. У адпаведнасці з заканадаўствам Мінпрыроды была разлічана шкода па ўсталяваных таксах разліку шкоды — і прадпрыемства за яе заплаціла, — адказаў менеджар па экалогіі «Акумулятарнага альянсу» Аляксандр Юнкевіч, падкрэсліўшы, што адказную асобу прыцягнулі да адказнасці.
— Пра якое перавышэнне ў абсалютнай велічыні ідзе гаворка? Мы перавысілі па адной крыніцы каля 200 грам у гадавым вылічэнні. Давайце з гэтага пачнем. Настолькі мізэрнае гэта перавышэнне, — дадаў Дзмітрый Бутаў.
Кіраўніцтва «Акумулятарнага Альянсу» падкрэслівае: калі прадпрыемства перавысіць паказчыкі па выкідах, завод працаваць не будзе. Нагадаем, пасля карэкціроўкі праекта максімальны валавы выкід свінцу не павінен перавышаць 17 кг / год.
— Мы лічым, што ў любым выпадку гэты завод будзе небяспечным — нават калі ён будзе працаваць у рамках заяўленых выкідаў, — заявіў на сустрэчы праваабаронца Раман Кісляк. — Мы па-ранейшаму супраць уводу ў эксплуатацыю гэтага прадпрыемства. І я думаю, што жыхары Брэста і раёна ўсё ж выкажуцца на рэферэндуме з гэтай нагоды.
Tut.by