Беларускі і расійскі рублі пасля бунту Прыгожына: чаго чакаць?

Беларусы з заміраннем сэрца сачылі за маршам Прыгожына па Расіі не толькі таму, што ў рамках Саюзнай дзяржавы гэты галаўны боль нехаця станавіўся і нашым. Кожны новы метр, пройдзены баевікамі «Вагнера» па Растоўскай, Варонежскай і Ліпецкай абласцях, практычна неадкладна адбіваўся на курсе расійскай валюты. І следам — на беларускім рублі.

_hroszy___finansy___ekanomika_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__2__logo_1.jpg

З 23 чэрвеня да 7 ліпеня курс долара да беларускага рубля дадаў 10 капеек (+3,2%) і тым самым пераадолеў важны псіхалагічны бар'ер у 3 рублі. А расійская валюта, наадварот, асела на 7,3%. Назіраць за ўзлётамі і падзеннямі курсу долара — даўняя нацыянальная забава жыхароў нашай краіны. Што чакае беларускі рубель у бліжэйшы час у сувязі з гучнымі расійскімі падзеямі, разбіраліся эксперты праекта «Кошт Урада».

Можна чакаць, што найбліжэйшым часам курс расійскага рубля ў дачыненні да долара будзе падаць. Рэзкага, скачкападобнага абясцэньвання чакаць не варта, але ў той жа час відаць, што расійскі Нацбанк і Мінфін не моцна імкнуцца стрымліваць тое, што адбываецца, і наўрад ці плануюць валютнымі інтэрвенцыямі вяртаць курс долара і еўра да значэнняў двухтыднёвай даўніны.

Беларусы не могуць пахваліцца высокай фінансавай пісьменнасцю, але затое ў іх прысутнічае своеасаблівы валютны нюх, выпрацаваны дзесяцігоддзямі. І гэты нюх падказвае, што калі пачаў прасядаць расійскі рубель, трэба аператыўна пераводзіць зберажэнні ў моцную валюту, таму што нацыянальная валюта неўзабаве таксама папаўзе ўніз, услед за расійскай.

І гэта — вельмі правільнае назіранне.

Прасяданне расійскага рубля звязана з комплексам праблем: гэта не толькі эскапада Прыгожына і звязаны з ёй рост адчування нестабільнасці, але і падзенне цэн на металы і нафту, а таксама валютны ажыятаж і сур'ёзныя праблемы з бюджэтам. Чым гэта адгукнецца ў Беларусі?

Прыгожын, падобна, даехаў і да нас, але некалькі ў іншым, пакуль — адносна мірным статусе. Цэны на металы нас мала цікавяць, а вось нафту беларускія прадпрыемствы перапрацоўваюць, таму яе кошт можа ўплываць на нашу эканоміку. Акрамя гэтага, большая частка вырабленых на экспарт беларускіх тавараў пастаўляецца цяпер у Расію ці праз яе транзітам, таму для нас вельмі важна разумець, што адбываецца з пакупніцкай здольнасцю ў суседняй краіне. Падаецца, яна падае.

У выніку становіцца зразумела, што ўсе расійскія эканамічныя праблемы пры цяперашніх рэаліях прама ці ўскосна ўплываюць на тое, што адбываецца ў Беларусі.

Расія не імкнецца стрымліваць курс нацыянальнай валюты, бо там ёсць шмат выгаданабытчыкаў дарагога долара. І шмат у чым гэта дзяржаўны бюджэт. Расія дагэтуль прадае шмат нафты, і пры аслабленай нацыянальнай валюце ў бюджэт патрапіць больш рублёў. Гэта на руку расійскаму ўраду, які цяпер выдаткоўвае неймаверна велізарныя грошы на ваенныя дзеянні.

Беларускі Нацбанк жа вымушаны ісці па дарожцы следамза Расіяй, абясцэньваючы нацыянальную валюту, каб наша прадукцыя заставалася канкурэнтназдольнай на рынку суседняй краіны. Пры гэтым курс «падкручваецца» так, каб расійцам, у пераразліку на расійскі рубель, было выгадна купляць беларускія тавары, а беларускія вытворцы працавалі ў плюс.

Цяпер курс расійскага рубля на нашым рынку ўпаў (з пачатку года ўжо прыкладна на 12%), і калі выказаць здагадку, што расійскі рубель не ўмацуецца сам па сабе, то для аднаўлення балансу паміж беларускім і расійскім рублём (каб знешні гандаль адчуваў сябе адносна камфортна) курс долара на нашым рынку павінен вырасці яшчэ прыкладна на тыя ж 12%.

І другі важны момант, які трэба разумець: усе ўмацаванні нацыянальнай валюты, услед за расійскім рублём, якімі так выхваляліся прапагандысты, як і прадказвалі незалежныя эканамісты, былі часовай, недаўгавечнай з'явай. Калі мы паглядзім на тое, што адбываецца з беларускай валютай цягам апошніх двух дзесяцігоддзяў, то стане зразумела, што рубель увесь час і ўпэўнена падае з моманту, як скончыўся «эканамічны цуд», забяспечаны танным газам і нафтай з Расіі ў 2010 годзе.

2023_373_7_15_1366x1367.webp

Ну а цяпер амерыканскія горкі рынку коцяць рэзка ўніз ужо расійскі рубель. Беларускі рубель сядзіць у наступным вагончыку і едзе наўздагон.


Глядзіце таксама