Беларусы зацягваюць паясы? У краіне падаюць продажы нехарчовых тавараў
У Беларусі падаюць продажы нехарчовых тавараў, вынікае з даных Белстата. У студзені–жніўні гэты паказчык скараціўся на 0,2% у параўнанні з мінулым годам. Пры гэтым продажы прадуктаў харчавання — у плюсе.
Рознічны таваразварот у студзені–жніўні склаў 38,6 мільярда рублёў. Гэта на 0,5% больш у супастаўных цэнах, чым за аналагічны перыяд мінулага года.
І калі продажы харчовых тавараў за гэты перыяд выраслі на 1,3% да аналагічнага перыяду мінулага года, то нехарчовых — ўпалі на 0,2%. Рознічны таваразварот па нехарчовых таварах — у мінусе з пачатку гэтага года.
Аднадзённы рознічны таваразварот у разліку на душу насельніцтва ў студзені–жніўні склаў 16,9 рубля супраць 15,2 рубля за аналагічны перыяд 2020-га.
Раней эксперты адзначалі, што на ўнутраны попыт працягваюць уплываць запаволенне росту даходаў насельніцтва і падаражэнне крэдытаў. Гэтаму спрыяе таксама разагнаная гадавая інфляцыя. У жніўні, як і ў ліпені, прырост цэн у гадавым выражэнні склаў да 9,8%.
Нагадаем, у пачатку гэтага года чыноўнікі паднялі ПДВ на лекі, медвырабы, дзіцячыя тавары, многія прадукты харчавання, што адбілася на рознічных цэнах.